ЛЁД + КВЕТКІ = ФАНТАЗІЯ

Раённы этап абласнога конкурсу-выставы па фіта-дызайне «Лёд. Кветкі. Фантазія.» прайшоў на днях у Цэнтры пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі. На яго з’ехаліся 21 вучань з 12 школ: СШ №1 імя З.Азгура, СШ №2 г.Сянно, Ульянавіцкай, Багданаўскай, Машканскай, Беліцкай, Алексініцкай, Сінягорскай, Яноўскай, Какоўчынскай, Нямойтаўскай, Ходцаўскай, а таксама выхаванцы гурткоў  сенненскай школы-інтэрната і Багушэўскага Дома творчасці. Юныя фларысты спаборнічалі ў трох намінацыях. Першыя дзве даваліся ў якасці хатняга задання.

З розных галінак, кветак, насення, лісточкаў удзель­нікі конкурсу стварылі сапраўдныя шэдэўры. Пано, эцюды, цэлыя аб’ёмныя кампазіцыі яны прадставілі ў намінацыі «Чароўны настрой». Не адразу разумееш, што зроблены карціны з таго, што расце ў нас пад нагамі і над галовамі. Вось толькі заўважыць іх прыгажосць могуць далёка не ўсе. Сярод выбраных — і аўтары работ. Адразу ў вочы кідаецца вялізнае пано з выявай  не проста каляднай зоркі, зоркі дастатку, бо выкладзена яна ўсемагчымымі арэхамі, зярнятамі, злакамі. Такая зорка абавязкова паспрыяе на будучы добры ўраджай. Аўтары карціны-абярэга (так назвалі свой твор мастачкі) Расма Бейман і Ганна Цімафеева з Беліцкай школы атрымалі за сваю «зорачку» першае месца ў намінацыі. Другое месца заняла карціна з кветак Наталлі Ганковіч, школа-інтэрнат. Трэцяе месца»злавіла» цуда-«Рыбка» Дар’і Яршовай і Наталлі Грытчанкі з СШ №1 імя З.Азгура.             

 Калі вам на Новы год раптам не хопіць елкі, не трэба ўпадаць у адчай. Зрабіць лясны сімвал можна самому, прычым які пажадаеш і з чаго пажадаеш. Хоць з макароны! Між іншым, у намінацыі «Навагодняя прыгажуня» была прадстаўлена і такая вось «ядомая» елачка з макароны. Пры майстраванні забаранялася выкарыстоў­ваць хвойны матэрыял. Замест іголак былі засушаныя яшчэ летам расліны, ягады, шышкі, кара дрэў інават жытнёвыя каласкі. Нягледзячы на гэта, усе елачкі выглядалі па-святочнаму, па-навагодняму. Выбраць лепшых у незвычайным «ельніку»  журы, у склад якога ўвайшлі метадысты ЦПР і Дома творчасці, было надзвычай цяжка. Галоўнай была абрана елачка «Падарунак лета», якую Кацярына Машэра з Машкан літаральна сшыла з калосся. Другое месца заняла не менш дзіўная елачка-трансформер Анастасіі Абозавай са школы-інтэрната. Яе «Пяшчоту» (так дзяўчынка назвала сваю работу) можна не толькі паставіць, але і падвесіць. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой Васіліна Прышчэпа і Кацярына Гарбунова з Беліцкай школы і Алена Яфі­мава з СШ №1 г.Сянно.

 Навагодняя елачка патрабуе і яскравага ўбрання. Самы вядомы атрыбут святочнага дрэўца — елачны шарык. Менавіта яго ўдзельнікам конкурсу належала зрабіць, як кажуць, на месцы, на што адводзілася паўгадзіны (№4). Тэхніку і стыль упрыгожання кожны выбіраў для сябе. Але, як і ў папярэдніх выпадках, пераважнае месца ў матэрыялах надавалася прыродным кампанентам. Лепей за ўсіх тут справіліся выхаванцы гуртка фларыстыкі пад кіраўніцтвам Л.Кнацько, школа-інтэрнат. Іх шарык атрымаўся самым натуральным, прыродным (№1). У ліку прызёраў таксама «Лялькі да Калядаў» Расмы Бейман і Ганны Цімафеевай з Беліцкай СШ (2 месца), Алены Яфімавай з СШ №1 г.Сянно, заняўшай 3 месца.

 У перапынках, падчас падлікаў журы, канкурсантаў песнямі і гульнямі забаўлялі казачныя перса­нажы Дамавёнак (у выкананні Алесі Цыва) і Дзюймовачка (Арына Долгая (№5).

 Такая ж насычаная пра­гра­ма чакае і на абласным этапе конкурсу-выставы «Лёд. Кветкі. Фантазія». Але канкурэнцыя там будзе, безумоўна, вышэй. Таму варта трымаць кулачкі за вучняў Сенненскай школы-інтэрната, якія і будуць прадстаўляць Сенненшчыну ў Віцебску.

   Вольга Бандарэвіч.