Што звязвае сенненскую вёску Пальчыкі і амерыканскі горад Санрайз?

40 гадоў таму на Сенненшчыне адбылася незвычайная гісторыя, якую можна параўнаць з легендарным прызямленнем у 1987-м у Маскве на Чырвонай плошчы лёгкаматорнага самалёта грамадзяніна ФРГ Матыяса Руста. Пра гэтыя падзеі «раёнка» расказывала ў публікацыі «Паглядзець на Пальчыкі» (№82 ​​за 24 кастрычніка 2017 года).

Коратка нагадаем пра яе. У адзін са жнівеньскіх дзён 1978 года на беразе меліярацыйнага канала ў вёсцы Пальчыкі прызямліўся амерыканскі верталёт. Але ў адрозненні ад Руста яго пілот дзяржаўных межаў не парушаў і на тэрыторыі СССР знаходзіўся на законных падставах. За штурвалам вінтакрылай машыны сядзела 20-гадовая Мішэль Манзо — самая маладая ўдзельніца III чэмпіянату свету па верталётным спорце.

ДАВЕДКА

Спаборніцтвы праходзілі з 30 ліпеня па 4 жніўня 1978 га на аэрадромам Віцебскага аэраклуба Ў Кукавячыне. У іх удзельнічалі 50 пілотаў, у тым ліку 19 жанчын, з СССР, Венгрыі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША і ФРГ. Паназіраць за спаборніцтвамі збіралася да 100 тыс. чалавек. У адзін з дзён з радараў знік амерыканскі верталёт. Аказалася, што пілот збіўся з курсу і вымушаны быў зрабіць пасадку ў Пальчыках, амаль за 30 км ад аэрадрома.

 

Валянціна Панкратава стала першай, хто сустрэў амерыканскую лётчыцу на сенненскай зямлі. У той год 21-гадовая дзяўчына працавала аграномам у мясцовым калгасе. А ў вёсцы Валя слыла “фотакорам”. Дзяўчына захаплялася фатаграфіяй і ведала ўсе тонкасці працэсу здымання і праяўлення. Яе часта запрашалі як фатографа на вясковыя вяселлі, юбілеі, іншыя ўрачыстасці. 

Амерыканцаў у сенненскай вёсачцы ніколі не бачылі, высветліць асобу іншаземнай госці ўдалося па запісцы, якую выдалі кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў на выпадак узнікнення аварыйнай сітуацыі. У ёй жа значыліся і нумары аэраклуба. Адзіны тэлефонны апарат на ўсю вёску меўся якраз у хаце Панкратавых. Пакуль чакалі падмогу з Віцебска, гасцінныя вяскоўцы накармілі і супакоілі спартсменку. А праз некалькі дзён Валю і яе родных запрасілі на сустрэчу з амерыканскай дэлегацыяй, падчас якой Мішэль і яе бацька дзякавалі выратавальніцы за дапамогу.

Зусім нядаўна гэтая гісторыя атрымала нечаканы працяг. Праз 40 гадоў Мішэль і Валя зноў сустрэліся ў студыі праграмы «Чакай мяне». Сюжэт з удзелам сенненкі прайшоў 5 лютага ў эфіры тэлеканала НТВ. А напярэдадні Валянціна Пятроўна завітала ў рэдакцыю «ГС», каб падзяліцца ўражаннямі аб здымках у вядомай тэлеперадачы.

     Ідэю адшукаць Мішэль праз «Чакай мяне» ёй падказала ўнучка Аліна. Яна ж і заяўку на сайце перадачы аформіла. Чакаць доўга не прыйшлося, ужо праз тыдзень у доме Валянціны Панкратавай пачуўся тэлефонны званок з Масквы. А яшчэ праз пару тыдняў, 13 студзеня, у Сянно прыехала здымачная група «Чакай мяне». У гэты дзень, дарэчы, у дачкі Валянціны Пятроўны якраз быў дзень нараджэнне. Тэлевізіёншчыкаў на сенненскай зямлі сустрэлі з беларускай гасціннасцю.

— Я і бульбачкі наварыла, і дранікаў напякла, нашай машканскай каўбаскі насмажыла, — усміхаецца Валянціна Пятроўна.

Разам са здымачнай групай яна зноў пабывала на месцах падзей 40-гадовай даўніны. А ўжо 22 студзеня сенненка была ў Маскве. Дарогу туды і назад, а таксама пражыванне ў гатэлі і шведскі сняданак аплаціў тэлеканал. Нягледзячы на ​​тое, што Валянціна Пятроўна ўсяго другі раз у жыцці была ў Маскве (упершыню колішнюю сталіцу СССР яна трапіла 40 гадоў назад — разам з работнікамі роднага калгаса прыехала на экскурсію), у мегаполісе сенненка не разгубілася. Унучка загадзя па пунктах распісала бабулі, куды і на чым можна даехаць да гасцініцы і тэлебачання.

— Масква вельмі спадабалася, усё чыста, а ўвечары вуліцы свецяцца агнямі, — дзеліцца ўражаннямі мая субяседніца.

Прыемна ўразіла сенненку і атмасфера на здымачнай пляцоўцы. У той дзень, акрамя яе, героямі перадачы сталі 15 чалавек. З многімі Валянціна Панкратава паспела пазнаёміцца. Асабліва запомнілася ёй гісторыя былога начальніка аддзела міліцыі з Алтайскага краю. Мужчыну шукаў француз, у якога некалькі гадоў таму, падчас падарожжа па Алтаі, скралі веласіпед. Знайсці кражу адразу не ўдалося і міліцыянеры нават хацелі падарыць замежнаму госцю новы ровар, але той ад шчодрага падарунка адмовіўся. А праз час веласіпед знайшлі і адправілі ў Францыю. Расчулены француз вырашыў асабіста знайсці і падзякаваць расійскіх вартавых парадку. Па словах Валянціны Пятроўны, усе эмоцыі, якія тэлегледачы бачаць у эфіры, рэальныя. Кранула сенненку і тое, з якім суперажываннем ставяцца рэдактары і вядучыя праграмы – вядомыя акцёры Юлія Высоцкая і Сяргей Шакураў — да удзельнікаў перадачы. Усё здымаецца з аднаго дубля.

     Не стрымала слёз радасці і сама Валянціна Пятроўна, калі ўбачыла на велізарным экране сваю амерыканскую знаёмую. З-за слабага здароўя састарэлай маці Мішэль не змагла прыехаць у Маскву, але жанчын звязалі па скайпе. Перакладчыкам выступіла Юлія Высоцкая. Размова аказалася шчырай і цёплай. Як аказалася, і сама Мішэль ніколі не забывала пра гэта здарэнне. Па вяртанні ў ЗША пасля спаборніцтваў яна напісала пра яго артыкул у мясцовую газету, якую беражліва захоўвае па сённяшні дзень, як і фатаграфіі беларускіх Пальчыкаў і іх ветлівых жыхароў, зробленыя ў далёкім 1978-м. У самой Валянціны Панкратавай захоўваюцца здымкі з афіцыйнай сустрэчы з Мішэль і яе бацькам. Гледзячы на ​​іх, здзіўляешся, як мала змяніліся жанчыны. Цікава, што іх лёсы ў нечым падобныя. Абедзьве захапляліся фатаграфіяй і тэхнікай, амаль адначасова асвоілі трактар.

     Ужо на наступны дзень Валянціна Пятроўна была дома. Паездка ў Маскву і візіт на тэлебачанне, па прызнаннях жанчыны, падаліся ёй казачным сном. А вось кантакты з-за акіяна на гэтым не спыніліся. Пасля заканчэння перадачы Мішэль і Валя маюць стасункі па электроннай пошце. Пісаць лісты дапамагае ўнучка-дзевяцікласніца, а спраўляцца з моўным бар’ерам — інтэрнэт-перакладчык.

— За 40 гадоў пытанняў назапасілася шмат, — усміхаецца мая суразмоўца.

Яны цікавяцца пра сем’і, дзяцей, высылаюць фатаграфіі сваіх родных і нават хатніх гадаванцаў і клічуць адзін аднаго ў госці. З-за 11-гадзіннай розніцы ў часе адпраўляць ліст з Беларусі ў горад Санрайз штат Фларыда, дзе сёння жыве Мішэль, прыходзіцца ў восем раніцы.

 Паездка ў Амерыку для пенсіянеркі з Сянна з-за матэрыяльных выдаткаў пакуль застаецца недасягальнай марай. А вось Мішэль на Сенненшчыне Валянціна Пятроўна і яе родныя спадзяюцца ўбачыць. А каб стасункі сталі больш блізкімі, сенненка нават хоча вывучыць англійскую мову.

— Ведаеце, як перакладаецца назва горада Санрайз?  Світанак! — смяецца мая суразмоўца.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара і з сямейнага архіва В. Панкратавай.

P.S. Пасля кастрычніцкай публікацыі пра здарэнне ў Пальчыках у рэдакцыю звярнулася яшчэ адна сведка тых падзей. 78-гадовая Вера Бяляцкая, ураджэнка Пальчыкаў, сёння таксама жыве ў Сянне. У 1978 годзе яна разам з іншымі вяскоўцамі частавала амерыканскую верталётчыцу ягадамі.       

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *