Юбілейны, дваццаты, раённы фестываль дзіцячай творчасці прайшоў у Сенненскім доме культуры.

У ім сваё майстэрства прадэманстравалі юныя салісты, музыканты, танцоры, чытальнікі, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мадэльеры.

З гісторыі фестывалю

У 1997/1998 навучальным годзе раённая ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі правяла аналіз гуртковай работы ў школах, які засведчыў — 60 % школьных гурткоў маюць мастацкую накіраванасць: танцавальныя, харавыя, вакальныя… Для далейшага развіцця творчых здольнасцей адораных і таленавітых дзяцей вырашана было арганізаваць раённы фестываль дзіцячай творчасці  «Ранішняя зорка», які ператварыўся ў штогадовы праект.

     Першыя фестывалі праходзілі на адной сцэнічнай пляцоўцы і складаліся з трох намінацый: «Маладыя галасы» (вакальная творчасць), «Рытм і прыгажосць» (харэаграфічная творчасць), «Чароўны мікрафон» (канферанс, выразнае чытанне).

Супрацоўніцтва   

У далейшым у сувязі з павелічэннем колькасці намінацый і ўдзельнікаў фестывалю арганізацыйным камітэтам было прынята рашэнне праводзіць мерапрыемства на некалькіх пляцоўках. Для аказання метадычнай дапамогі пры падрыхтоўцы да фэсту запрашаліся і запрашаюцца педагогі дзіцячых школ мастацтваў раёна, метадысты і мастацкія кіраўнікі самадзейных калектываў раённага Дома культуры, майстры Дома рамёстваў, метадысты РЦДіМ, педагогі-псіхолагі школ.

Вялікую зацікаўленасць да фестывалю праяўляюць бацькі, таму што ўдзел у ім садзейнічае паспяховай сацыялізацыі дзяцей. Яны аказваюць практычную дапамогу ў вырабленні сцэнічных касцюмаў, дэкарацый.

Творчае жыццё пасля фестывалю

Пераможцы праекта ўдзельнічаюць у творчых конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Многім сваім удзельнікам фестываль даў пуцёўку ў вялікае творчае жыццё, дапамог вызначыцца з прафесіяй. Выкладчыкамі  дзіцячых школ мастацтваў у нашым раёне працуюць Марына Шарэнда, Анастасія Галынчык (Біруліна), Анастасія Бялко, у Мінскай вобласці – Кацярына Калбянок. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дапамагаюць раскрыць свае таленты дзецям Павел Якубовіч, Ніна Ткачэнка, Вольга Падалінская (Сенненскі ЦДіМ), Аляксандра Панкова (Гродзенскі абласны палац дзяцей і моладзі), Яна Ткачова (Цэнтр эстэтычнага выхавання «Маладзік г.Віцебска). У цэнтрах культуры і народнай творчасці працуюць Арцём Карніцкі (г.Сянно), Ксенія Рыбчанка (г.Мінск). Дзмітрый Ціханаў – студэнт другога курса Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў. Цімафей Кандратаў вучыцца на другім курсе Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе выкладае Алена Матузенка, якая свой творчы шлях таксама пачынала на «Ранішняй зорцы».

Былыя канкурсанты В.Падалінкая, Н.Ткачэнка і П.Якубовіч сёння самі рыхтуюць новых «зорачак» сенненскай сцэны.

 

Пуцёўка на вялікую сцэну

Кацярына Нікалаева, неаднаразовая пераможца намінацыі «Чароўны мікрафон», скончыла тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства музычнага тэатра», цяпер працуе ў Нацыянальным акадэмічныч тэатры імя Я.Купалы.

Праз два дзесяцігоддзі

— На дваццатую «Ранішнюю зорку» былі запрошаны зоркі фестывалю мінулых гадоў, якія знайшлі сябе ў свеце мастацтва. Арганізатары конкурсу вельмі ўдзячны ім за ўдзел у фэсце: за работу ў якасці членаў журы, у складзе незалежнага журы, за выступленне на фестывальнай сцэне. Іх прыезд да нас з розных куткоў Беларусі гаворыць пра тое, што фестываль маладосці і цяпер штосьці значыць для іх.

     Мы ўдзячны раённай уладзе, якая заўсёды падтрымлівае нас слушнымі парадамі, падказкамі, у якіх бачна шчырая зацікаўленасць у развіцці фестывальнага руху і здольнасцей моладзі Сенненшчыны. Удзячны за ацэнку нашай працы: сёлета калектыў ЦДіМ узнагароджаны Ганаровай граматай Сенненскага райвыканкама за папулярызацыю фестывальнага руху, у сувязі з 20-годдзем “Ранішняй зоркі”, — выказалася дырэктар Цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Каржыцкая.

 — Дзеці ўдзельнічаюць у конкурсе розныя, таму і якасць выканання таксама не аднолькавая. Ёсць сапраўды таленавітыя. Асабліва сярод тых, хто займаецца ў аб’яднаннях Цэнтра дзяцей і моладзі, гуртках раённага Дома культуры, дзіцячых школах мастацтваў. Падрыхтаваць вясковых школьнікаў больш складана, не ва ўсіх сельскіх школах ёсць адпаведная апаратура, спецыялісты-прафесіяналы, асабліва харэографы.

Сёлета спадабалася пастаноўка танцаў танцавальнага калектыву «Force», вучаніца Беліцкай школы Ксенія Шчукіна з песняй «Маленькае тыграня», дарэчы, у мінулым годзе яна таксама выступіла добра. Творчыя здольнасці трэба развіваць пастаянна, тады поспеху зможа дабіцца кожнае дзіця, — дзеліцца думкамі старшыня журы фестывалю Іван Смірноў.

— Чатыры гадзіны праграмы праляцелі непрыкметна. Радаваў літаральна кожны нумар. Вялікі дзякуй арганізатарам фестывалю за запрашэнне. Прыемна, што мяне памятаюць на малой радзіме, даверылі быць членам журы фестывалю, — выказвае ўражанні госця фэсту Кацярына Мамацюк (Калбянок), намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Старадарожскай дзіцячай школы мастацтваў Мінскай вобласці, чатырохразовая пераможца намінацыі «Маладыя галасы» «Ранішняй зоркі».

Вопыт для пераймання

Дырэктар Сенненскага РЦДіМ Валянціна Каржыцкая абагуліла дваццацігадовы вопыт работы ўстановы дадатковай адукацыі па падрыхтоўцы да фестывалю ў зборніку “Ранішняя зорка”. Праект па рабоце з таленавітымі і адоранымі дзецьмі”. Ён адрасуецца метадыстам і педагогам устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, намеснікам дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце, педагогам-арганізатарам.

Пераможцы юбілейнай «Зоркі»

Як адзначылі члены журы, сёлета, як і ў мінулыя гады, найбольш актыўны ўдзел у фестывалі прынялі СШ №2 г.Сянно, Машканская ДССШ, Цэнтр дзяцей і моладзі. У шасці намінацыях была прадстаўлена Студзёнкаўская школа. Добрай падрыхтоўкай адрозніваліся выступленні ходцаўскіх канкурсантаў.

Пратаколам журы вызначаны 11 пераможцаў юбілейнага фэсту ва ўсіх узроставых групах. Першыя месцы ў намінацыі «Маладыя галасы» занялі салісты Паліна Цімашэнка (Сенненская ДШМ), Валерыя Берашэвіч (СШ №2 г.Сянно), Арына Долгая (РЦДіМ); вакальныя група «Музычны капеж» (Ходцаўская ДШМ), выканаўцы арыгінальнага жанру (бітбокс) дуэт “2D” (Багушэўская СШ №2). У намінацыі “Рытм і прыгажосць” лідарамі сталі танцавальныя калектывы «Force” (Машканская ДССШ), “Акцэнт” (Сенненская школа-інтэрнат). Лепшымі ў намінацыі “Чароўны мікрафон” былі дуэт “Сябры” (РЦДіМ), Марыя Рыбчанка (Багданаўская ДСПШ), Дар’я Шалаева (Машканская ДССШ). У намінацыі “Інструментальныя рытмы” першынствавала Марыя Кузьмініч (Сенненская ДШМ). Прыз за самае яркае і незабыўнае выступленне незалежнае журы фестывалю прысудзіла Машы Рыбчанка, самай юнай ўдзельніцы фестывалю, якая выступіла з вершам “Муха-цакатуха”.

Былі вызначаны пераможцы і ў дзвюх завочных намінацыях. У “Выяўленчым мастацтве” першыя месцы ў адпаведных узроставых катэгорыях журы аддало Аляксандры Небакаткінай і Таццяне Халецкай(РЦДіМ), Каміле Будновай (Беліцкая ДССШ), у “Дэкаратыўна-прыкладной творчасці” – Аляксею Зайко, Глебу Дубаўцу, Юрыю Шальнову, Паўлу Міхальцову, Мікіту Грачыху (Студзёнкаўская ДССШ), Віктару Рыбачанку (СШ №2 г.Сянно).

Два дзесяцігоддзі крочыць па сенненскай зямлі дзіцячы фестываль “Ранішняя зорка”, які з’яўляецца сапраўдным брэндам раёна. Спадзяёмся, што наперадзе ў яго яшчэ доўгі і плённы шлях.

Таццяна Буракова.

Фота аўтара. 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *