Бюджэтная субсідыя ў дапамогу тым, хто хоча мець жыллё

У Сянне сёлета пачнуць будаваць два шматкватэрныя дамы, адзін з удзелам дольшчыкаў. А значыць, займець у ім сваё жыллё ў бліжэйшы час можа фактычна любы жыхар раёна.

-Але найбольш прывабныя ўмовы, згодна з Указам Прэзідэнта №240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” у асоб, што знаходзяцца на ўліку ў райвыканкаме як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — расказала Наталля Сапрыка, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі. –Яны атрымаюць дзяржаўную падтрымку ў форме выплаты з бюджэту адраснай субсідыі для пагашэння часткі працэнтаў і асноўнай банкаўскай пазыкі.

Шэраг катэгорый насельніцтва, у тым ліку шматдзетныя сем’і. дзеці-сіроты, могуць скарыстацца субсідыяй па-за чаргой. Да таго ж у іх больш спрыяльныя ўмовы. Калі ў сям’і растуць трое дзяцей памер бюджэтнай дапамогі складзе 95% ад сумы асноўнай банкаўскай пазыкі, калі больш трох – бюджэтная субсідыя выдаецца на ўсю суму. Пагашаюцца пазыкі і па працэнтах: у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка плюс 2% сем’ям, дзе выхоўваюцца трое дзяцей, калі малых больш – у памеры стаўкі рэфінансавання плюс 3%.

Даволі прыемлімыя ўмовы атрымання субсідый у дзяцей-сірот: 35% — па асноўнай суме пазыкі, па працэнтах – стаўка рэфінансавання плюс 2%.

Дзяржава стымулюе і маладыя сем’і. Пры нараджэнні першага дзіцяці пагашаецца 10% асноўнай сумы пазыкі, другога – 20%.

Удзел у фінансаванні будаўніцтва жылля прымаюць многія банкі, што вымушае іх ва ўмовах канкурэнтнай барацьбы змякчаць умовы крэдытавання. Так, з 5 студзеня Беларусбанк знізіў стаўку па крэдытных дагаворах, якія выдаюцца пад адраснае субсідзіраванне жылля. На працягу першых 24 месяцаў з дня наступнага за днём заключэння дагавора працэнтная стаўка зніжаецца да стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка. Нагадаем, зараз яна складае 11% гадавых. А калі ўлічыць, што інфляцыя, хоць і прытармазілася, усё ж існуе, варта разгледзіць магчымасць займець уласнае жыллё. Дарэчы, нагадала Наталля Сапрыка, жыллё на пералічаных вышэй ўмовах можна будаваць, рэканструяваць у якасці індывідуальных забудоўшчыкаў, што актуальна для жыхароў сельскіх населеных пунктаў, Багушэўска.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *