Сенненская школьніца стала фіналісткай першага этапу рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з Velcom”

Творчае спаборніцтва  для вучняў 7 і 8 класаў праходзіць па ініцыятыве буйнейшага мабільнага аператара пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

     Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс больш за 2 тысячы відэаролікаў, на якіх яны чытаюць творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Удзельнікі з Віцебска і Віцебскай вобласці заявілі 265 відэа.

     Верш Якуба Коласа “Хмаркі”, з якім вучаніца Машканскай школы Дарына Ізмайловіч стала фіналісткай, яна падрыхтавала пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Анатольеўны Валуевай.

У ліку 30 лепшых прадстаўнікоў кожнай вобласці і г.Мінска дзяўчынка прыме ўдзел у другім (рэгіянальным) этапе конкурсу, што будзе праходзіць з лютага па красавік бягучага года. Тут ўдзельнікі выступяць перад журы ўжывую. Пяцёра лепшых юных дэкламатараў ад кожнага рэгіёна будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і пазмагаюцца за перамогу ў рэспубліканскім фінале, што пройдзе ў Мінску ў маі 2018 года.

Таццяна БУРАКОВА.