Цмок прызямліўся ў Сянне

У Сенненскай школе-інтэрнаце пасяліўся Цмок.

 Персанаж беларускай міфалогіі размясціўся ў этнаграфічным пакоі. Ідэю стварэння Цмока некалькі гадоў выношваў Леанід Казлоў, дырэктар установы адукацыі. І толькі напярэдадні раённага свята “Дажынкі-2017” рукатворная скульптура з’явілася ў сценах школы.

 Цмок – міфалагічная змеепадобная істота. Беларускі Цмок быў мірнай істотай. Людзі ўяўлялі яго велічным, паважным і крыху лянаватым. А калі той і праяўляў сваю моц, то толькі выключна па сур’ёзнай прычыне. Лічылася, што такім чынам ён карае людзей за створанае імі зло. Нашы продкі імкнуліся сябраваць з цмокамі — прыручаная істота абараняла свайго гаспадара, надзяляла ўладай, багаццем.

 Цмок Сенненскай школы-інтэрната атрымаўся на выгляд лагодным, з пазітыўнай энергіяй. Над яго стварэннем некалькі тыдняў шчыравалі кіраўнікі гурткоў, настаўнікі і вучні 7-8 класаў. На металічную канструкцыю, зробленую рабочым установы адукацыі Вячаславам Хадыкам, накладвалася сена і асака. Потым усё замацоўвалася з дапамогай шпагата. У выніку атрымаўся прыгожы Цмок з невялікімі крыламі на спіне. Яго асноўная функцыя аберагаць і дапамагаць навучэнцам школы.

 У Лепелі таксама любяць і паважаюць Цмока, пра што сведчаць некалькі помнікаў беларускаму дракону, якія ўстаноўлены тут. Лепельцы мелі для гэтага ўсе падставы. Існуе мясцовае паданне, згодна з якім Лепельскі Цмок бласлаўляў маладых. Пасля  вяселля было прынята ісці на возера і кідаць у ваду “выпіць і закусіць” міфічнаму герою. Пра тое, што месцам пасялення дзівоснай  пачвары было адно з лепельскіх азёр, можна прачытаць у рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні(Евангелле ад Іўды)”. Дарэчы, у гэтым жа літаратурным творы ўпамінаецца і аб тым, што цмокі жылі і ў сенненскіх азёрах.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *