Кожнай дзяўчыне — па княгіні

 

На радзіме батыка, у Інданезіі, старажытным рамяством роспісу па тканіне валодала выключна прыгожая палова. Кожная малайская дзяўчына павінна была ўласнаручна размаляваць свой пасаг. Сучасны батык — асобны напрамак у выяўленчым мастацтве, які і сёння асацыіруецца з пяшчотнымі жаночымі ручкамі. Напэўна, толькі ім падуладныя вытанчаныя ўзоры.

 Сакрэты ўсходняга рамяства спасцігаюць і выхаванкі студыі ДПМ СШ №2 г.Сянно. Аднак “замест персідскага ўзору” дзяўчаты і іх кіраўнік Вольга Мікалаеўна Лісоўская, чалавек, апантаны гісторыяй, вырашылі стварыць у “жаночай” тэхніцы серыю партрэтаў выбітных жанчын мінулага. Так нарадзіліся дыптыхі “Вялікія княгіні ВКЛ” (аўтары Анастасія Камлёва і Інга Бадрова), “І ажываюць лікі” (аўтары Кацярына Макоўская і Кацярына Бабахіна), трыпціх “Багіні Алімпа” (аўтары Марына Мізаўцова і Вікторыя Падалінская). Сярод тых, чые вобразы ўстрывожылі ўяўленне юных мастачак: міфічныя Афіна, Артэміда, Алена Траянская, ракавыя прыгажуни Барбара Ра­дзі­віл і жонка Кейстута Бі­рута; рускія царыцы Алена Глінская (беларуска па паходжанні) і Еўдакія Данская, жонка Дзмітрыя Дан­скога. Падчас працы аўтаркам карцін давялося праштудзіраваць нямала літаратуры. Затое цяпер дзяўчат з іх работамі нярэдка запрашаюць на ўрокі гісторыі.

Акрамя батыка, выхаванцы студыі ўмеюць маляваць, вышываць, вязаць, а калі трэба, дык і лобзікам па дрэве выразаць навучацца. З сучаснага вывучаюць ландшафтны дызайн і камп’ютарную графіку. Вольга Мікалаеўна гэткую рознабаковасць толькі вітае, абы вучням было цікава. Так, як некалі зацікавіла яе саму, калі ў 10 класе ўпершыню патрапіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта. Два гады Вольга заўзята вучылася маляваць. І недарэмна, бо скончыла любімы “худграф”. Вось ужо 10 год, як яна навучае дзетак майстэрству ствараць прыгожае і іншага лёсу для сябе не ўяўляе. Яе дзеці — пастаянныя ўдзельнікі, неаднаразовыя прызёры раённых, абласных выстаў і конкурсаў. А сёлета не пабаяліся прыняць удзел у міжнародным конкурсе “Голас дзіцяці — 2010” (Санкт-Пецярбург). А таму хочацца пажадаць ім і іх кіраўніку поспеху і натхнення на ніве мастацтва і творчасці.

Вольга Бандарэвіч.

 На здымку: Вольга Лісоўская (у цэнтры) і яе вучаніцы: Вікторыя Падалінская, Марына Мізаўцова і Лола Хажмурзаева.