Самыя прыгожыя —газавікі і ветэрынары

Пераможца — Сенненскі раён газафікацыі, другое месца — раённая ветэрынарная станцыя, дзесяць трэціх месцаў і адна ўдзячнасць – так адзначаны самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсу на лепшую падрыхтоўку адміністрацыйных будынкаў, вытворчых тэрыторый да навагодніх святаў. Конкурс быў аб’яўлены згодна з распараджэннем старшыні райвыканкама. Дыпломы і падзячныя пісьмы пераможцы прымалі ў прысутнасці дэпутатаў і ўдзельнікаў сесіі раённага Савета XXVII склікання.

Як заўважыў старшыня райвыканкама Васілій Чараднік, добры святочны настрой, што ствараецца дзякуючы навагоднім ілюмінацыям, станоўча ўплывае не толькі на самаадчуванне чалавека, але і павялічвае прадукцыйнасць працы, згуртоўвае калектыў, як і любая агульная справа.

Вынікі конкурсу падводзіла спецыяльная камісія ў складзе кіраўніка справамі райвыканкама Алега Цяцюева, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Мяцеліцы, журналістаў раённай газеты. Вызначыцца, хто лепш папрацаваў над выканнаннем распараджэння, было няпроста. У разлік бралася не толькі светлавая карцінка, створаная сёлета.

— Умовы конкурсу падштурхоўвалі да яе штогадовага ўдасканалення. Ды і камісія не спяшалася ставіць кропку пры вызначэнні пераможцаў, — удакладніў Алег Цяцюеў.

Больш ілюмінацыі, святла стала ў святы і ў цэнтральнай частцы горада. Іншая справа, пакуль што колькасць не перарасла ў якасць. А хочацца, каб у цэнтры горада была створана завершаная, у адным стыле карціна. А для гэтага, мабыць, патрэбны погляд прафесіянала, дызайнера.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.