Уражанні самыя прыемныя

   Міжнародны назіральнік на выбарах Прэзідэнта  Рэспублікі Беларусь Яўген Дзіброў на Сенненшчыне прадстаўляў Саюз Незалежных Дзяржаў. У Сянно  ён прыехаў вечарам 16 снежня. А ўжо назаўтра наведаўся на некалькі выбарчых участкаў, дзе працягвалася датэрміновае галасаванне. У нядзелю, у дзень выбараў, ён таксама займаўся назіраннем. У другой палове дня Яўген Дзіброў пагадзіўся сустрэцца з супрацоўнікам  райгазеты «Голас Сенненшчыны»  Аляксандрам Лазюком.

 — Яўген Паўлавіч, на радзіме чым вы займаецеся ў паўсядзённым жыцці?

 —  Я — старшыня  Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Пскоўскага раёна.

 — Можна сказаць, што выбарамі органаў улады вы займаецеся прафесійна?

 — Можна…

 — А што робіце ў прамежак часу паміж выбарамі?

  — Таксама выбарамі. У Расіі крыху іншая выбарчая сістэма. За тры гады, якія я  займаю пасаду старшыні выбарчай камісіі Пскоўскага раёна, выбары на яго тэрыторыі ў мясцовыя, абласныя, федэральныя органы ўлады праводзіліся шэсць разоў. Да таго ж адбывалася некалькі аб’яднанняў тэрыторый, што мае на ўвазе правядзенне рэферэндумаў. — У такім выпадку я папрасіў бы вас сказаць колькі слоў пра арганізацыю выбараў на Сенненшчыне?

 — Мне давялося працаваць з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, членамі раённай і ўчастковых камісій, бываць на выбарчых участках. Зыходзячы з убачанага, з атрыманай інфармацыі, з маіх ведаў беларускага выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, парушэнняў я не ўбачыў.

 — Яўген Паўлавіч, вам у Беларусі даводзілася бываць раней?

 —Я наведваўся ў Віцебск, быў у Гомелі. Але ў сельскім раёне — першы раз.

 — Тады падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад убачанага.

 — Уражанні самыя прыемныя. Вашы школы, клубы — дагледжаныя. У іх створаны належныя ўмовы для вучобы, адпачынку. На вашых фермах утрымліваецца шмат жывёлы. Вашы палі ўзараны і засеяны. У магазінах шмат разнастайных тавараў, а беларусы — адкрытыя і шчырыя людзі.

 — Дзякуй за размову. Прыязджайце да нас яшчэ.

 —  А вы да нас. Дарэчы, на Пскоўшчыне шмат беларусаў. Некаторыя з іх, ведаю, прымаюць удзел у міжнародным назіранні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.