Жыхаркам Сянна, што нарадзілі першынцаў у другім паўгоддзі 2017 года, уручылі падарункі


У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прайшло мерапрыемства «У новы год з новым пакаленнем», арганізатарамі якога выступілі раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын».

 У Палацы ўрачыстых абрадаў віншавалі жыхарак Сянна, якія нарадзілі першынцаў у другім паўгоддзі 2017 года.  З цёплымі пажаданнямі  да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама і кіраўнік раённых арганізацый РГА «Белая Русь» і «БСЖ» Зоя Фаміна. «Нараджэнне дзіцяці – самае светлае свята, — падкрэсліла Зоя Сцяпанаўна. – Пытанні аховы мацярынства і дзяцінства з’яўляюцца прыярытэтнымі ў нашай краіне. Распрацаваны дзяржаўныя праграмы па падтрымцы шматдзетных сем’яў. Дзеці – наша будучыня, якая заўтра будзе працаваць і забяспечваць нашу старасць».

 Віншавала матуль і Ірына Мілеўская, загадчык аддзела загс райвыканкама, якая адзначыла, што на 20 снежня 2017 года ў горадзе зарэгістравана нараджэнне 92 немаўлят. З іх — 50 хлопчыкаў і 42 дзяўчынкі. Першынцамі ў сем’ях сталі 34 малышы.


 У цёплай, сяброўскай атмасферы віноўнікам урачыстасці уручылі падарункі: вязанае адзенне для малышоў, салодкія ласункі і ручнікі – прадастаўленыя арганізатарамі акцыі і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі.

 Ад імя маладых матуль за ўвагу і прэзенты падзякавала прадстаўнікам грамадскіх аб’яднанняў Ірына Хасанава, дарэчы, карэспандэнт раённай газеты , якая ўлетку нарадзіла сына Назара. 

 Напрыканцы мерапрыемства ўсім прысутным быў прапанаваны невялікі канцэрт, арганізаваны супрацоўнікамі Сенненскага РЦКіНТ.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

 

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *