Сваю маленькую радзіму, Сянно, наведала Ірына Крыўко

На днях Сянно, сваю малую радзіму, наведала Ірына Крыўко, якая, нагадаем, нядаўна ўзнялася на другую прыступку п’едэстала гонару пасля масавай гонкі на этапе Кубка свету па біятлоне, што праходзіў у Францыі.

Разам з братам Віктарам, які  таксама ўваходзіць у склад нацыянальнай зборнай па біятлоне, яна прыязджала да маці, пабывала ў бабулі. А напярэдадні спартсменка сустрэлася са старшынёй райвыканкама Васіліем Чарадніком. Сустрэча прайшла на новай базе біятлона і насіла неафіцыйны характар. Уручаючы знакамітай спартсменцы букет кветак, кіраўнік раёна перадаў словы ўдзячнасці за дасягнуты вынік ад старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва, выказаў асабістую падзяку за выдатнае выступленне.

-Дзякуючы табе ва ўсім свеце ведаюць не толькі Беларусь, але і Сянно, — падкрэсліў Васілій Чараднік. –Сенненцы ганарацца табой і жадаюць новых дасягненняў ў спорце, у тым ліку на Зімовай Алімпіядзе. Удачы, шчасця ў асабістым жыцці.

Для Ірыны Крыўко была наладжана невялікая экскурсія па спартыўнай базе, якой ў хуткім часе змогуць карыстацца юныя сенненскія біятланісты. Знакамітая спартсменка выказала сваё захапленне ад ціра, умоў адпачынку і рэабілітацыі, што створаны на новым спартыўным аб’екце.

А яшчэ яна пагадзілася на невялікае інтэрв’ю нашай газеце.

-Ірына, наколькі чаканым аказаўся п’едэстал?

-Сёлета з першых стартаў мне ўдавалася паказваць даволі стабільныя вынікі — наладзілася стральба. Сказалася работа з трэнерам, аўстрыйскім спецыялістам С. Эдэрам, які дзеліцца не толькі прафесійнымі навыкамі, але і ўмее псіхалагічна настроіць на вынік, усяляе ўпэўненасць.

-На якім этапе гонкі стала зразумела, што з’явіўся шанц узняцца на п’едэстал?

-Я ніколі не думаю аб выніку, не стаўлю нейкіх мэт перад стартам. Таму нават пасля стральбы на апошнім рубяжы, дзе, як і на папярэдніх, я не дапусціла промахаў, думак аб медалі не ўзнікла. І толькі пазней на трасе, калі мне падказалі, што іду другой, з’явіўся дадатковы стымул, сілы для барацьбы. У выніку свой шанц я не ўпусціла. Чаму вельмі рада.

-Следам за табой фінішавала вядомая Лаўра Дальмаер. Яе аўтарытэт псіхалагічна не ціснуў?

-Акрамя лыжнай трасы я на той момант нічога не бачыла…

-Ці адчуваецца падтрымка сенненцаў на падобных стартах? Ці не парываюцца сувязі з радзімай?

-Як могуць парвацца сувязі, якія ўсталяваны на генетычным узроўні? Выходзячы на старт мала пра што думаеш. Аднак ведаеш, што за цябе перажываюць, табе жадаюць поспехаў твае родныя, мама, усе сенненцы, людзі, якія дапамагалі зрабіць першыя крокі ў спорце.

З Новым годам, землякі! Шчасця вам. Хай збываецца ўсё, што вы задумалі.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Гардзецкі, намеснік начальніка аддзела спорту і турызму райвыканкама, Ірына Крыўко і старшыня райвыканкама Васілій Чараднік.

Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.