87-гадовая жыхарка аг. Нямойта атрымала падзячны ліст за захаванне народнага фальклору

Падзячны ліст ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама Сяргея Мяцеліцы за захаванне і адраджэнне традыцыйнага беларускага фальклору, а таксама выканаўчае майстэрства і любоў да роднага краю на мінулым тыдні атрымала 87-гадовая жыхарка аг. Нямойта Яўгенія Галавач.

Жанчына яшчэ застала той час, калі песні з’яўляліся неад’емнай часткай жыцця беларусаў ад самага нараджэння да смерці. Любоў да народных песень, як падзялілася Яўгенія Міхайлаўна, ёй прывіла маці яшчэ з дзіцячых гадоў. Але не падумайце, што гераіню нашай публікацыі мінаваў цяжкі вясковы лёс. Наадварот, з малых гадоў Яўгенія Міхайлаўна пазнала, што такое праца, хатнія клопаты і немаленькая гаспадарка. Калі пасталела, уладкавалася прыбіральшчыцай у Нямойтаўскую школу, доўгі час шчыравала цялятніцай. Вынасіць нягоды жыцця жанчыне дапамагалі песні. Аднак выконваць іх на раённай сцэне яна пачала толькі ў васьмідзясятых гадах. Кампанію Яўгеніі Галавач складалі яшчэ чацвёра спявачак. Дружны і зладжаны калектыў быў частым госцем на мясцовых мерапрыемствах – Купаллі, Калядах, Масленіцы. Спявалі самадзейныя артысты часцяком пад акампанемент мужа Яўгеніі Міхайлаўны Сцяпана Канстанцінавіча. Сужэнцы, дарэчы, разам з 1953 года, а ў 2003 годзе адзначылі залатое вяселле.

Не дзіўна, што адна з іх дачок Святлана Бінцяй атрымала ў спадчыну ад Яўгеніі Міхайлаўны цягу да музыкі і часцяком выходзіць на раённыя падмосткі з калектывам “Вясёлыя музыкі”. Дарэчы, члены гэтай групы таксама далучыліся да віншаванняў і падаравалі захавальніцы народнай творчасці невялікі прэзент. Яўгенія Міхайлаўна ў адказ  выканала некалькі фальклорных песень, радкі якіх, нягледзячы на сталы ўзрост, яна добра памятае і працягвае радаваць сваім спевам усіх гасцей і родных.

Ганна КОРСАКАВА.

Фота аўтара.