І вось яна, прыгожая…

Галоўнай гераіняй Новага года з’яўляецца прыгажуня-елка. Менавіта з яе з’яўленнем і пачынаецца  адлік дзён да пачатку новага года. Гэта яна стварае добры настрой, і пад ёй знаходзяцца доўгачаканыя падарункі. Для пачатку вырашыце, якую менавіта елку вы жадаеце набыць  — сапраўд­ную, што пахне хвояй і марозікам, ці штучную, якая праслужыць не адзін год.

       У лесе нарадзілася елачка…

 Калі ж вы вырашылі, што елка павінна быць сапраўднай, а не штучнай, гэта інфармацыя для вас! Колькі каштуе навагодняя прыгажуня, дзе яе можна набыць? Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі інжынеру аховы лясной гаспадаркі ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Сяргею Казімірскаму.

 — Сяргей Васільевіч, ці хопіць елак усім жадаючым?

 — Безумоўна. Елачныя базары ў Віцебскай вобласці працуюць з 18 снежня. У гэтым годзе, як і ў мінулым, плануем рэалізаваць больш за 4,5 тысячы елак і сосен. Прадаваць будзем і навагоднія букеты (яловыя лапкі).

 — Елка ці сасна? Што больш купляюць сенненцы?

 — Елкі. Яны больш палюбіліся землякам. Але і віцябчане аддаюць перавагу гэтаму дрэўцу. Мы не першы год гандлюем у абласным цэнтры і ведаем, на што ёсць попыт. Таму і сёлета прапаноўваем у асноўным елкі.

 — Колькі будзе каштаваць навагодняя прыгажуня?

 —  Ёсць два варыянты: больш танны і даражэйшы. Калі вы прыйдзеце за дрэвам у лясгас, то сэканоміце  2-3 тысячы. Цэны са склада лясгаса будуць наступнымі: за дрэўца да 1 метра —7 тыс. беларускіх рублёў; ад 1 да 2-х метраў —10000.  На елачным базары (ля рынку ў Сянно) за елку прыйдзецца заплаціць 9000 ці 13000 адпаведна.

 — Што будзе за нелегальную вырубку навагодніх дрэўцаў?

  — Штрафы, і немалыя. Згодна з Указам Прэзідэнта №348 ад 24.06.08 сума за адно дрэўца дыяметрам у пні да 12 см будзе складаць 0,1 базавай велічыні (1 базавая — 35000). Акрамя гэтага, на парушальніка складуць адміністрацыйны пратакол. І прыйдзецца заплаціць штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

 Ужо сёння на тэрыторыі раёна працуюць 8 пастоў, на якіх дзяжураць 50 чалавек з лясной аховы. Таму не спадзявайцеся на «ўдачу» і набывайце навагоднія дрэўцы легальна, у лясгасах ці на базары. Абавязкова зберагайце чэк пры транспарціроўцы елкі.

         Практычныя парады

Такім чынам, елку набылі. Цяпер узнікае пытанне, як прадоўжыць жыццё лясной госці, каб яна прастаяла дома на працягу ўсіх навагодніх свят? Вось некалькі практычных парад:

 — пры выбары елкі звярніце ўвагу на ствол. Ён павінен быць тоўсты, як і галінкі, пакрыты іголкамі. Цёмна-зялёны колер сведчыць пра тое, што дрэўца здаровае і не сухое;

 — перад тым, як упрыгожваць елку, адсячыце ніжнія галінкі і агаліце ствол на 15-20 см. Затым дабаўце ў ваду, у якой будзе стаяць дрэўца, таблетку аспірыну, дробку солі і лыжку цукру. Аспірын не дасць развівацца гнілі, а соль і цукар забяспечаць харчаванне. Сачыце, каб аголеная частка ствала была заўсёды ў вадзе. Можна гэты ж раствор змяшаць з пяском і «пасадзіць» дрэўца на глыбіню 15-20 см. Пры высыханні пяска змочвайце яго вадой, бо елка шмат «п’е»;

 —  у ваду можна дадаць і 3-4 сталовыя лыжкі гліцэрыны. Ці на 3 літры вады — 5 грамаў лімоннай кіслаты і жэлаціны, а таксама няпоўную сталовую лыжку тоўчанага мелу. 

 Новы год на парозе. Тым, хто яшчэ не ўпрыгожыў свой дом святочнай ёлкай, самы час гэта зрабіць. Спадзяёмся, што нашы парады ў гэтым вам дапамогуць.

  Кацярына КАРПОВІЧ.