Ураджэнка Сянна Ірына Крыўко стала другой у мас-старце на этапе Кубка свету па біятлоне

На трэцім этапе Кубка свету па біятлоне з масавым стартам, які праходзіў у Францыі, беларуская жаночая каманда была прадстаўлена толькі адной спарстменкай — Ірынай Крыўко. І наша зямлячка не падвяла, узняўшыся на другую прыступку п’едэстала, чым парадавала ўсіх беларускіх аматараў гэтага віду спорту. Асабліва землякоў. Ад імя райвыканкама на адрас Ірыны накіравана тэлеграма.

Такі высокі вынік для Ірыны Крыўко — першы. Але ён прыйшоў невыпадкова. На ўсіх сёлетніх этапах яна таксама выступала стабільна, паказваючы высокую хуткасць і дакладную стральбу. Сярэбраная ўзнагарода дасягнута як раз дзякуючы ідэальнай стральбе — ні аднаго промаху.