На Сенненшчыне пабывала дэлегацыя Пачынкаўскага раёна Смаленскай вобласці

На Сенненшчыне пабывала дэлегацыя Пачынкаўскага раёна Смаленскай вобласці. Яна была прадстаўлена асобамі намесніка кіраўніка адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння Ірыны Прахарэнкавай, начальніка аддзела адукацыі Наталлі Каўжаравай, кіраўнікамі шэрагу школ і дзіцячых садоў. Расіян цікавіла сістэма работы па арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, развіцці творчай ініцыятывы, прафесійнай арыентацыі дзяцей, іншыя накірункі дзейнасці ўстаноў адукацыі Сенненшчыны.

 Нагадаем, узаемныя кантакты паміж рэгіёнамі-пабрацімамі ладзяцца на аснове дагавора, які заключаны паміж Сенненскім райвыканкамам і адміністрацыяй муніцыпальнага ўтварэння Пачынкаўскага раёна, а таксама плана ўзаемадзеяння, які прадугледжвае супрацоўніцтва ў розных сферах.

 Для членаў дэлегацыі наладзілі невялікую экскурсію па цэнтру Сянна. Госці мелі магчымасць пабываць у іншых частках нашага горада і раёна. Праграма наведвання прадугледжвала знаёмства з вопытам работы педкалектываў СШ №1 г. Сянно, Сенненскай школы-інтэрната, Багушэўскай СШ №2 і Яноўскай ДСБШ.

 Першай установай адукацыі, куды запрасілі гасцей, сталі яслі-сад №1 райцэнтра. Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, задаючы тон размове, запэўніла гасцей-калег: “Мы сустракаем вас з адкрытым сэрцам і шчыра будзе дзяліцца нашымі лепшымі напрацоўкамі.”

 Слухаючы расказ пра старэйшую ў райцэнтры дашкольную ўстанову, наведваючы групы расіяне звярнулі ўвагу на знешняе афармленне. Яшчэ большая цікавасць з’явілася пасля таго, як стала вядома, што ў значнай ступені яно выканана выхавацелямі, бацькамі і дзецьмі. Такое ўзаемадзеянне аб’ядноўвае, садзейнічае выхаваўчаму працэсу. Для пацверджання выказанай сентэнцыі знайшоўся і наглядны прыклад – міні-музей “Ад зярнятка да хлеба”. Большасць яго экспанатаў таксама выканана рукамі бацькоў і членаў працоўнага калектыву. Усё рабілася без прымусу, бо людзі ўсвядомілі – іх праца на карысць выхаваўчаму працэсу, аўтарытэту дарослых.

 Напярэдадні Новага года ў кожнай школе працуюць выставы. У СШ №1 г. Сянно прэзентацыя дзіцячых работ атрымала назву “Кладоўка талентаў”. Сюды зазірнулі і госці. Свае таленты дзеці і педагогі прадэманстравалі і на сцэне, паказваючы візітоўку навучальнай установы. Заключным акордам яе стала калектыўнае выкананне гімна школы, аўтарам слоў і музыкі якой з’яўляецца Ігар Паўлоўскі, настаўнік інфарматыкі.

 Больш чым дзве гадзіны госці з Пачынка знаёміліся са школай-інтэрнатам. Іх цікавіла ўсё – ад умоў пражывання дзяцей і практыка-арыентаванага праекта “Беларуская хатка” да работы школьнай бізнэс-кампаніі “Школа-фабрыка “Надзея””, дзе дзеці атрымліваюць навыкі ў розных прафесіях, вучацца прадаваць свае вырабы, шукаць праз інтэрнэт сферу збыту.

 У Багушэўскай школе калегам з Расіі прапанавалі знаёмства з вопытам работы адміністрацыі з педагагічнымі кадрамі, маладымі спецыялістамі, па падтрымцы даследчай дзейнасці вучняў, развіцці конкурснага руху. У Янове цікавасць выклікала супрацоўніцтва мясцовай базавай школы з арганізацыямі і прадпрыемствамі аграгарадка.

 Наколькі будзе карысным расіянам вопыт работы Сенненскіх педагогаў, меркаваць заўчасна. А вось ацэнкі на ўзроўні эмоцый ужо ёсць. На сайце адміністрацыі Пачынкаўскага раёна з’явілася невялікая справаздача аб наведванні Сенненскага раёна. У ёй адзначаецца: “Знакомство с образовательным пространством Сенненского района… продемонстрировало насколько активно воплощаются социально-педагогические, социально-культурные и культурно-образовательные связи. Незабываемы впечатления от сверкающей радуги талантов детей и радушного приема на Сенненской земле.»

Аляксандр ІЎЕЎ.

 Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *