Беліца: новыя знаходкі, альбо пра Свяцкіх вачыма родзічаў

 У кастрычніку 2017 года пабачыў свет чарговы нумар гістарычнага навукова-папулярнага альманаха “Віцебскі сшытак”. Яго рэдактар Людміла Хмяльніцкая апублікавала брашуру Карла Свяцкага “Поездка в Данию и Швецию, устроенная в июне 1908 года Центральным сельскохозяйственным обществом в Варшаве”. Аўтарскі тэкст ілюстраваны здымкамі з прыватных фотаальбомаў Свяцкіх. Акрамя гэтага, Людміла Хмяльніцкая прысвяціла Беліцы вялікі артыкул на 35 старонак, які таксама суправаджаюць здымкі,  зробленыя Свяцкімі ў Беліцы і яе наваколлі.

Артыкул прысвечаны пераважна вядомым старонкам з мінулага Беліцы і яе гаспадароў. Аднак прыводзяцца і раней невядомыя факты. Так Хмяльніцкая знайшла і пераклала ўспаміны аднаго з родзічаў Свяцкіх – Вацлава Лядніцкага (1891-1967), польскага гісторыка літаратуры, які нарадзіўся ў Маскве ў сям’і адваката Аляксандра Лядніцкага і Марыі. Пасля заканчэння гімназіі Вацлаў вучыўся ў Маскоўскім і Ягелонскім універсітэтах. У 1922 годзе ён атрымаў ступень доктара раманскай філалогіі. Пазней займаўся вывучэннем гісторыі рускай літаратуры. Выкладаў у Кракаве, Бруселі, ЗША. Памёр Вацлаў Лядніцкі ў Амерыцы, пахаваны ў Нью-Ёрку.

 Пра паходжанне багаццяў

“Беліца разам з іншымі маёнткамі, фальваркамі і лясамі займала тэрыторыю ў дванаццаць тысяч дзесяцін, — узгадвае В. Лядніцкі. – Маці Карла і яго сястры Марыі была з роду Ваньковічаў, бабка – з роду Дварэцкіх-Багдановічаў. У сям’і распавядалі, што дзед Карла Свяцкага быў упраўляючым у Багдановіча (якога – не ведаю, ва ўсялякім выпадку, пра сваяцкасць заўсёды гаварылася, і Свяцкіх я называў дзядзькам і цёткай ), багатага і ўплывовага памешчыка. Багдановіч некалі параіў Свяцкаму набыць які-небудзь большы маёнтак (можа, Беліцу), зразумела на яго, Багдановіча, імя. Свяцкі маёнтак купіў, аднак на сваё імя, а Багдановічу прапанаваў кампраміснае выйсце: каб яму да маёнтка той аддаў таксама дачку. Так і зрабілі, і такім чынам была закладзена аснова вялікай фартуны Свяцкіх.

Ад рэдакцыі.

 Пра паходжанне пачатковага капіталу Свяцкіх існуе шмат розных меркаванняў. Адно з іх нават суадносіць іх з Напалеонам. Быццам бы нехта з продкаў Карла Свяцкага ваяваў на баку французскага імператара і суправаджаў здабыткі, вывезеныя з Масквы. Частка з іх, мяркуецца, і патрапіла да Свяцкіх. Аднак з успамінаў Лядніцкага становіцца зразумела, што гэта, мякка кажучы, некалькі не так.

“Крыніцай вялізнага даходу Свяцкага былі яго лясы і лесапілкі – 6000 дзесяцін так званага “матэрыяльнага” лесу, — працягвае Вацлаў Лядніцкі. —  Ён заўсёды меў цудоўнага старшага ляснічага з вышэйшай адукацыяй. Доўгі час ім быў Рышард Луба, жанаты на старэйшай дачцэ Юзафа Пачобута Зоі. Старшы ляснічы жыў у прыгожым, нядаўна пабудаваным, сучасным мураваным палацы-віле ў Крупках, над цудоўным возерам той жа назвы. Свяцкі арганізаваў рацыянальную лясную гаспадарку, якая трымалася на штогадовай вырубцы і пасадцы лесу. Усе лясы падзяляліся на квадраты з шырокімі прасекамі, якія былі засеяны лубінам або травой і з’яўляліся перашкодай для распаўсюджвання пажару. Такія шыкоўна дагледжаныя лясы я бачыў толькі ў Германіі”.

Інвестыцыі ў сельскую гаспадарку

Шмат увагі надавалася развіццю сельскай гаспадаркі. Апроч кароў Карл Свяцкі разводзіў пародных свіней і коней. “Яго цугавыя коні былі шырока вядомы, —  узгадвае В. Лядніцкі. – Ездзіў ён звычайна пяцёркай з лейцамі. Я памятаю, што неяк, расхвальваючы свайго фурмана, ён расказваў, што гэтай пяцёркай ноччу той прывёз нейкага біскупа з Талачына ў Беліцу за дзве з паловай гадзіны. Апроч коней для сябе, якіх ён іншым разам купляў у Пецярбургу і Варшаве , Свяцкі заўсёды меў некалькі ездавых коней для гасцей”.

Наладжаная ў Беліцы з еўрапейскім размахам гаспадарка прыбытку ўладару, аднак не прыносіла. “Дзядзька Карл Свяцкі, – па словах пляменніка, – штогод меў сто тысяч рублёў са свайго цудоўнага лесу, аднак, усе гэтыя грошы на сябе не траціў, большую частку ўкладаў у сваю сельскую гаспадарку і жывёлагадоўлю ў Беліцы, якія даходаў яму не прыносілі, хоць і былі ўладкаваны самым цудоўным чынам.”

Ад рэдакцыі.

 За больш як сто гадоў у эканоміцы, вытворчасці сельскай гаспадаркі, як бачым, нічога кардынальна не змянілася. Каб сельская гаспадарка развівалася і тады і зараз неабходны інвестыцыі.

Алё, Крупкі?..

“Палац у Беліцы быў значна больш сучасны, чым, напрыклад, талачынскі, — піша Вацлаў Лядніцкі, — у пэўным сэнсе можа і прыгажэйшы, з вялікай круглай бальнай залай, раскошнымі салонамі і сталовай, пакоямі для гасцей, кабінетамі Свяцкага, бібліятэкай, будуарам цёці Свяцкай і шыкоўнай зашклёнай тэрасай, затое парк непараўнальна меншы за талачынскі і уезды ў Беліцы менш прадстаўнічыя. Палац, а таксама ўсе сядзібныя пабудовы мелі электрычнасць, водаправод і каналізацыю. Паміж Беліцай, фальваркамі і Крупкамі быў праведзены тэлефон. На палях пракладзены дрэнаж, балоцістыя лугі асушаны”.

 Ад  рэдакцыі.

 У 60-я гады 20-га стагоддзя ў наваколлі Беліцы савецкія меліяратары праводзілі работы па  асушэнню мясцовых зямель. Якое ж было іх здзіўленне, калі высветлілася, што дрэнаж, пракладзены землеўласнікам Свяцкім, працягваў працаваць.

“Упрыгожаннем парка, – працягвае В. Лядніцкі – былі невялікі стаў, добрая пляцоўка для тэніса і некалькі цудоўных старых ліпавых алей перад домам. Калі ў Беліцы летам рабілі балі, у гэтых алеях ставілі сталы для вячэры, калі дазваляла надвор’е, а шчасце гэтаму звычайна спадарожнічала, і госці піравалі пад лампіёнамі, што віселі над мноствам сталоў”.

 Свяцкія: святыя і грэшныя

Вацлаў Лядніцкі даволі падрабязна апісвае характар і звычкі ўладароў сядзібы. “Лад жыцця ў Беліцы быў зусім іншы, чым у Талачыне. Я увесь час параўноўваю Талачын і Беліцу таму, што фартуны іх уладароў былі больш-менш аднолькавымі і значна большымі, чым ва ўсіх бліжэйшых маёнтках, прынамсі, тых, якія я ведаў. Гэты лад жыцця адрозніваўся перш за ўсё таму, што Свяцкія былі значна маладзейшыя за Славінскіх і знаходзіліся прыкладна ва ўзросце маіх бацькоў. Марыя Свяцкая была ціхай, цудоўна выхаванай і увогуле добра адукаванай жанчынай, якая падпарадкоўвалася мужу цалкам, са стаічнай пакорлівасцю даравала яму ўсе здрады. Яна здолела спалучыць грамадскую працу (у Беліцы былі заснаваны неафіцыйныя падрыхтоўчыя курсы і школа для дзяцей, і цёця вельмі актыўна клапацілася пра мясцовае насельніцтва, улічваючы ўсе яго патрэбы) з гатоўнасцю служыць мужу як дасканалая гаспадыня на пастаянных вельмі шматлюдных прыёмах, балях, паляваннях, якія ён бесперапынна наладжваў”.

А вось Карл Свяцкі, мяркуючы па ўспамінах Вацлава Лядніцкага, хоць і ўмеў весці гаспадарку, здабываць грошы, высокай маральнасцю не вызначаўся.

“Я ужо згадваў, што дзядзька Карл быў славуты сваім тэмпераментам – перш за ўсё тэмпераментам данжуанскім. Гэта не быў Дон Жуан у поўным значэнні гэтага слова, гэта быў страшэнны жарабец. Прыстойна, заўсёды цудоўна апрануты, брунет, з падстрыжанымі вусікамі над моцна развітай і выступаючай ніжняй сківіцай, з поўнымі жыцця вачамі і зубамі, якія блішчэлі залатымі каронкамі і пломбамі (калі ён зрабіў сабе гэтыя ўпрыгожанні, мая мама неяк сказала яму жартаўліва: “Табе не хапае яшчэ брыльянтаў у гэтым золаце”), бадзёры, заўсёды ў руху, ён увесь час паддаваўся фізічным жаданням. Пра яго можна было сказаць: “Хто першы трапіўся, той і прапаў” – прыгожая, брыдкая, падлетак, замужняя. Часта здаралася, што, напрыклад, падчас гульні ў тэніс – а ён часта гуляў у тэніс, гэтак жа, як і ездзіў верхам (кожны дзень рана ён аб’язджаў на кані фальваркі і палі, а пасля поўдня гарцаваў з гасцямі), чакаючы сваёй чаргі, ён адводзіў у глыб парку тую або іншую дзяўчыну і там імкнуўся, здаецца, не заўсёды без поспеху, давесці свае афекты да апошняй рысы”.

“Гасцінасць і самаахвярнасць Свяцкага раскрыліся ў ім у найвышэйшай ступені падчас Першай сусветнай вайны, – ураўнаважвае сваю ацэнку В. Лядніцкі, — Беліцу і яе сядзібныя пабудовы запоўнілі натоўпы ваенных выгнаннікаў з Польшчы, і пад дахам Свяцкага знайшлі прытулак не толькі сем’і сялян, але і многіх інтэлегентаў. Не адзін журналіст, мастак, і т.п. перажылі ваенныя гады ў яго доме, карыстаючыся не толькі кватэрай і ўтрыманнем, але і атрымліваючы фінансавую дапамогу. Беліца ператварылася ў сваесабліваю калонію выгнаннікаў”.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Свяцкія пакінулі Беліцу і пераехалі да родных у Познаньскае ваяводства. Карл Свяцкі быў першым дырэктарам Паморскага сельскагаспадарчага таварыства і віцэ-прэзідэнтам Гуртка сельскіх гаспадароў у Хелмжы. Ён памёр 6 мая 1929 года ў горадзе Хелмжа. Марыя Свяцкая перажыла мужа на чвэрць стагоддзя, яе жыццё скончылася 29 снежня 1954 года. Станіслаў Свяцкі, іх сын, у 1924-1925 гадах вучыўся ў Парыжы, доўгі час працаваў у Нацыянальным сельскагаспадарчым банку у Кракаве. Пасля Другой сусветнай вайны жыў з маці ў Кельцах. Вядома, што ў Станіслава была дачка Барбара, якая на пачатку 1970-х гадоў перадала альбомы з сямейнымі здымкамі ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаве.

 Аляксандр БАРАНОЎСКІ,

аспірант Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

 НА ЗДЫМКАХ: падрыхтоўчыя курсы і школа рукадзелля для дзяцей у Беліцы; гавот- прадстаўленне ў Беліцы; гульцы ў тэніс.

 Фота з сямейных альбомаў Свяцкіх.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *