Дзесяцікласнік СШ №2 Сянна прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды па фінансавай адукаванасці

Дзесяцікласнік другой гарадской школы Дзмітрый Івашкоў прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды па фінансавай адукаванасці. Такая магчымасць у юнака з’явілася пасля таго, як ён з вынікам у 84 балы стаў прызёрам абласнога інтэлектуальнага спаборніцтва.

Разам з сенненцам разнастайныя заданні, якія датычыліся грашовых адзінак, плацёжных і банкаўскіх сістэм, каштоўных папер, страхавання, фінансавых задач, разліку працэнтных ставак па крэдытах і ўкладах і іншых пытанняў, вырашалі самыя фінасава падкаваныя вучні з сярэдніх школ Віцебска і вобласці. Нягледзячы на амаль самастойную падрыхтоўку да абласнога этапу, юнак паказаў добры вынік, уступіўшы толькі вучню адзінаццатага класа г. Лепеля Дзянісу Шнітко.

Усе ўдзельнікі алімпіяды атрымалі ў якасці падарункаў скарбонкі. Мне за другое месца дадаткова ўручылі дыплом і партатыўную зарадную прыладу, — падзяліўся сенненскі школьнік.

Аднак Дзмітрый разумее, што часу расслабляцца ў яго зусім няма (заключны этап алімпіяды адбудзецца ўжо 15 снежня ў сталіцы нашай краіны), таму не перастае штудзіраваць неабходную  літаратуру і паглыбляць свае веды ў фінансавай галіне з дапамогай глабальнай сеткі. Пажадаем жа таленавітаму сенненцу поспехаў і новых, больш значных перамог!

  Ганна КОРСАКАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *