Ад асістэнта кафедры беларускай мовы і літаратуры да загадчыка кафедры беларускай філалогіі дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Як развівалася навуковая дзейнасць ураджэнкі Сенненшчыны Алены Пісарэнкі

Даследаванню беларускай мовы Алена Пісарэнка прысвяціла амаль тры дзясяцігоддзя сваёй навуковай дзейнасці. Але вядомасць наша зямлячка атрымала не толькі як вучоны-філолаг. 

Ураджэнка Багушэўскага сельсавета Алена Пісарэнка  нарадзілася 20 сакавіка 1966 года ў вёсцы Лучазарная цяпер Багушэўскага сельсавета. Бацька, Міхаіл Фёдаравіч працаваў вадзіцелем, маці, Ніна Харытонаўна, настаўнічала ў пачатковых класах.

У 1981 годзе Алена скончыла Лучазарненскую васьмігодку. Атэстат аб сярэдняй адукацыі вясковая дзяўчынка атрымлівала ўжо ў Багушэўскай СШ №2. З 1983 па 1988 год  вучылася на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля яго заканчэння  маладая настаўніца пэўны час выкладала беларускую мову і літаратуру ў Багушэўскай другой школе, выпускніцай якой сама з’яўлялася.

З 1989 года Алена Пісарэнка – асістэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. У 1994-ым яна паспяхова заканчвае аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, а ў 1995 абараняе кандыдацкую дысертацыю, атрымаўшы навуковае званне кандыдата філалагічных навук. Навуковую дзейнасць пачынала выкладчыкам на кафедры беларускай мовы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсіта імя П. М. Машэрава. Праз чатыры гады яна — старшы выкладчыка кафедры беларускай філалогіі вядучай творчай вну краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У 2003 годзе Алене Міхайлаўне прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці мовазнаўства. Сёння прафесар Пісарэнка загадвае кафедрай беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Навуковы інтарэс нашай зямлячкі ў лінгвістыцы звязаны з эстэтычнай функцыяй мовы і сродкамі яе рэалізацыі ў мастацкіх і фальклорных тэкстах. Яе аўтарству належаць звыш 120 публікацый навуковага і навукова-метадычнага характару.

Другое амплуа нашай зямлячкі – паэзія. У літаратурных колах навукоўца вядома як паэтка Алена Багамолава. З-пад яе пяра выйшла нямала вершаў і лірычных мініяцюр. Мае больш за 40 літаратурных публікацый у рэспубліканскім друку. У 2008 годзе свет убачыла кніга твораў нашай зямлячкі “Рэха сустрэчы”.  Сёння Алена Міхайлаўна з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і адным з стваральнікаў і кіраўнікоў літаратурнага аб’яднання творчай моладзі ўніверсітэта «БУКет». 

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *