«Усе мае ўменні спатрэбіліся.» Апошні прадстаўнік прафесіі каваля ў Сенненскім раёне аб працы ў кузні і сваім жыцці

Здольнасці да той ці іншай справы кожнаму чалавеку дадзены аднекуль звыш, лічыць былы каваль Міхаіл Гарбачоў, напэўна, апошні ў раёне прадстаўнік гэтай старажытнай прафесіі.

     Калі прымяніць гэтую думку да самога Міхаіла Піліпавіча, дык атрымліваецца, што бог надзяліў яго многімі здольнасцямі, імкненнем спасцігаць новае, адкрываць у сабе разнастайныя ўменні.

     — К дзевятнаццаці гадам я меў ужо тры прафесіі, — гаворыць майстар. – Мне было цікава многае. Хацелася паспрабаваць рабіць тое, што можа спатрэбіцца ў жыцці.

     Юнак вучыўся ўсяму хутка, памяць меў добрую, якой, дарэчы, яна засталася і да цяперашняга часу. Каб у яго была магчымасць “пайсці ў навуку”, яшчэ адзін наш зямляк папоўніў бы кагорту знакамітых людзей краіны. Аднак пасляваенны час не надта спрыяў вучобе вясковых дзяцей.

     Герой нашага аповеду нарадзіўся ў 1949-м у в.Малішы Гарывецкага сельсавета. Рос у сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. Спачатку вучыўся ў Падворыцкай школе. Пехатою дабірацца шэсць кіламетраў было цяжка, часам дзяцей прыходзілася падвозіць на конях. Ды і вясковае жыццё было нялёгкім. Бацькі працавалі ў калгасе “за палачкі”, па якіх лічылі працадні. Грошай калгаснікі не бачылі, заробленае выдавалі натураплатай. А ў Малішах не было нават электрычнасці.

     І бацька вырашыў пераязджаць у Сянно. Восем класаў Міхаіл заканчваў ужо ў другой сенненскай школе. Далей працягваць адукацыю, хоць і вучыўся добра, не стаў.

     — Прыбіральшчыца і конюх, якімі ўладкаваліся ў райцэнтры маці і бацька – пасады малааплачваемыя. Таму трэба было зарабляць свой хлеб, — гаворыць Міхаіл Піліпавіч.

     Пайшоў працаваць у сенненскі прамкамбінат, дзе набыў прафесію столяра-цесляра. Але да ведаў цягнула: паралельна вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі. Потым працаваў у райспажыўсаюзе сантэхнікам-мантажнікам. А па вечарах вучыўся на шафёра. Пасля службы ў арміі пяць гадоў адпрацаваў вадзіцелем на маслазаводзе.

     А кавалём стаў, калі шафярыў у аўтабазе (цяпер АТП-20). Яго грузавік выйшаў са строю, нейкі час не было патрэбных запчастак, і дырэктар прапанаваў: каб не сядзець без справы, ідзі часова ў кузьню. Пенсіянер, які працаваў там, як раз звольніўся. Так што Гарбачоў стаў адзіным на прадпрыемстве кавалём, а кузьня – пастаянным месцам работы. Справа спадабалася, хаця да многага даводзілася даходзіць самому. А яшчэ вучыўся ў свайго тёзкі па прозвішчу Ігната Гарбачова, які ўжо не адзін год працаваў кавалём у ПМК-48, будаўнічай арганізацыі, што існавала ў той час. Хутка і ён перайшоў у аўтабазу.

     Калі пачалася перабудова, на прадпрыемствы прыйшоў гаспадарчы разлік, а разам з ім і скарачэнні.

     — Ігната, як больш вопытнага, пакінулі, а я стаў на біржу і з яе дапамогай уладкаваўся ў ПМК-64, дзе адпрацаваў кавалём з 1987 да 2004 года. Адтуль і пайшоў на пенсію. Год адпачыў. Але адчуў, што без справы сядзець не магу, уладкаваўся рабочым у школу-інтэрнат. Быў там і электрыкам, і зваршчыкам, і ўсе астатнія мае ўменні спатрэбіліся, — успамінае Міхаіл Піліпавіч.

     Дарэчы, свой дом, у якім жыве на другой Алімпійскай вуліцы, пабудаваў сам менш чым за год. Раней трымалі на падворку і жывёлу, і птушку, трэба было карміць пяцёрых дзяцей.

     — Мець шмат дзяцей для нас было не страшна. Мае бацькі гадавалі пяцёрых. А ў бацькоў жонкі, якія сышліся пасля вайны, адзінаццаць было: шасцёра бацькавых і пяцёра матчыных. Раней дзеці былі дапамогай. Напрыклад, мая старэйшая сястра ўжо ў шэсць гадоў даіла карову. Бацькі працуюць на рабоце і ведаюць, што гаспадарка дагледжана. А цяпер ствараецца ўражанне, што дзеці для бацькоў абуза. Ды і прывыклі яны толькі браць, — разважае мой субяседнік. Але на сваіх дзяцей Міхаіл Піліпавіч не скардзіцца. Выраслі яны сумленнымі, працавітымі людзьмі.

     І на пенсіі не можа руплівец сядзець без справы.  У горадзе яго ведаюць многія, нярэдка звяртаюцца за дапамогай.

     — Люблю дапамагаць людзям, — прызнаецца майстар. – Раблю гэта ад душы і радуюся, што камусьці патрэбны.

     Тыдзень назад у краіне адзначаўся Дзень каваля. Мы, хоць крыху са спазненнем, віншуем Міхаіла Піліпавіча з прафесійным святам, жадаем здароўя і актыўнага даўгалецця.

 Таццяна БУРАКОВА. 

 На здымку: былы каваль Міхаіл Гарбачоў.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *