Бізнес, здароўе і правапарадак абмеркавалі на адзіным дні інфармавання, які адбыўся на Сенненшчыне

На Сенненшчыне прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва. На абмеркаванне была вынесена тэма развіцця ў Рэспубліцы Беларусь прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці.

 Інфармацыйна-прапагандысцкія групы выступілі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Група, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік, сустрэлася з працоўным калектывам установы аховы  здароўя «Багушэўская абласная туберкулёзная бальніца».

 Аб развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Беларусі і на Сенненшчыне, у прыватнасці,  прысутным расказала Сняжана Мяцеліца, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У прыватнасці адзначыла, што ў нашай краіне любы жадаючы можа свабодна займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка альбо юрыдычнай асобы, а па некаторых відах, якія да нядаўняга часу былі прадпрымальніцкай дзейнасцю, і без рэгістрацыі.

 У Беларусі планамерна праводзяцца рэформы ў мэтах дынамічнага і ўстойлівага развіцця прадпрымальніцкага сектару эканомікі. Створана спрошчаная сістэма падаткаабкладання, прыняты меры па павышэнні якасці абслугоўвання плацельшчыкаў, аптымізуюцца адміністрацыйныя працэдуры і інш.. Дзяржава аказвае і фінансавую падтрымку суб’ектам малога прадпрымальніцтва.

 Некалькі слоў Сняжана Фёдараўна прысвяціла тэме здаровага ладу жыцця. Сенненскі РЦГЭ з’яўляецца партнёрам праекта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Уцягненне супольнасцей да прасоўвання здаровага ладу жыцця», з гэтай мэтай на базе ўстановы дзейнічае ініцыятыўная група «Радуга».Галоўны санітарны ўрач раёна прапанавала работнікам лячэбнай установы далучыцца да руху за ЗЛЖ і выбраць спартыўны напрамак, якім бы ім хацелася займацца: фітнес, ёга, скандынаўская хадзьбы. Удзельнікі «Радугі» гатовы прыехаць з майстар-класамі і дапамагчы распрацаваць комплекс практыкаванняў.

   Яшчэ адзін член інфармацыйнай групы Віктар Пракаповіч, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў, не абмяжаваўся  тэмай чарговага дня інфармавання. У першую чаргу засярэдзіў увагу прысутных на крадзяжах веласіпедаў. Для работнікаў туббальніцы гэта праблема мае актуальнасць.Большасць з іх карыстаецца роварамі. Аб тым сведчыць наяўнасць вялікай колькасці гэтага транспартнага сродку на тэрыторыі ўстановы. Віктар Пракаповіч параіў не кідаць веласіпеды без нагляду, абсталёўваць іх спецыяльнымі замкамі. Таксама ён прывёў аператыўную інфармацыю па вобласці і раёне на пачатак лістапада. Звяртаючыся да прысутных, заклікаў як мага больш часу ўдзяляць сваім дзецям, цікавіцца, чым яны займаюцца. Кіраўнік РАУС перасцярог бацькоў аб тым, што ў апошні час учасціліся выпадкі распаўсюджвання ролікаў парнаграфічнага характару сярод непаўналетніх.

 Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы меў магчымасць задаць пытанні ўдзельнікам інфармацыйна-прапагандысцкай групы.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *