Чалавеку трэба мала

Як і кожнаму газетчыку, мне часта даводзіцца наведваць самыя розныя мерапрыемствы . Але, бадай, нідзе няма такой атмасферы шчырасці, даверу, цеплыні і любові, як ва ўстановах для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут больш востра адчуваюць унутраны свет тых, хто знаходзіцца побач, іх пачуцці, боль. Людзі, якіх лёс стварыў іншымі, умеюць больш шчыра радавацца жыццю, бачыць яго станоўчыя праяўленні, разумець сапраўднае прызначэнне чалавека, які прыходзіць у гэты свет, каб зрабіць яго прыгажэйшым.

 3 снежня, калі наша і іншыя краіны адзначалі Дзень інвалідаў, у аддзяленні дзённага наведвання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі Сенненскага ТЦСАН было арганізавана тра­дыцыйнае мерапрыемства. Установа здружыла не толькі яе наведвальнікаў, яна аб’яднала  ў агульным імкненні дапамагчы розных людзей, якія займаюць высокія пасады і працуюць простымі рабочымі і служачымі. Яскравае пацверджанне гэтаму — адрамантаваныя, адноўленыя памяшканні ад­дзялення, у адраджэнне якіх унесла ўклад  кіраўніцтва раёна, кіраўнікі і калектывы Сенненскага ПМС, меліяводгаса, ПМК-64, райаграсервісу, ДРБУ-146, раённая арганізацыя Беларускага фонду міру і іншыя.

 Цяпер установа радуе вока сваёй чысцінёй і ўтульнасцю. Запрасіць сюды не сорамна любога госця. Такіх аддзяленняў у вобласці аткрыта 16.На жаль, яшчэ не ў кожным  раёне  знайшлі магчымасць так істотна  падтрымаць сваіх грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі.  У нас адкрыццё аддзялення стала рэальным дзякуючы намаганням   з боку мясцовай улады, асабіста  старшыні райвыканкама Э.М.Герасіменкі і яго намесніка  З.С.Фаміной, якія былі ганаровымі гасцямі мерапрыемства. Як і намеснік старшыні рай­выканкама Г.Г.Якаўлева, начальнік аддзела адукацыі Л.П.Аніськовіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.У.Дзергачова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.І.Васілёнак, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнагаабслугоўвання насельніцтва Т.М.Смірнова і іншыя. Усе госці, як і належыць на наваселле, прыйшлі з падарункамі. Тэлевізар, мікрахвалевая печ, электрачайнік, тэлефон, іншыя карысныя рэчы, безумоўна, знойдуць сваё прымяненне. Наведвальнікі і калектыў аддзялення  на чале з А.У.Атрошкінай былі бязмежна ўдзячныя  раённаму выканаўчаму камітэту, раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, пярвічкам раённай арганізацыі «БСЖ» абласной туберкулёзнай бальніцы, раённага аддзялення «Ахова», ПМС, філіяла Беларусбанка, райгаза, РК прафсаюзаў работнікаў  аграпрамысловага  комплексу і адукацыі, індывідуальнаму прад­прымальніку Алёне Маскалёвай, прадстаўнікам царквы «Надзея» Ірыне і Паўлу Дзямідчыкам.

 Як адзначыў старшыня райвыканкама Э.М.Герасіменка ў сваім выступленні на сустрэчы, магчыма, што ў хуткім часе знойдуцца сродкі, каб забяспечыць аддзяленне дзённага  наведвання аўтамабілем. З’явіцца магчымасць прывозіць сюды тых, хто не можа дабрацца самастойна. Каб людзі не заставаліся сам-насам са сваёй бядой, маглі  займацца цікавымі справамі, развівацца як асобы, пазнаваць усю паўнату і прыгажосць жыцця.

 Са шчырымі словамі да прысутных звярнуліся таксама іншыя госці сустрэчы. Сваю ўдзячнасць кіраўніцтву раёна і калектыву аддзялення выказалі  сваякі наведвальнікаў установы.

 Маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі падрыхтавалі для гасцей літаратурна-музычную кампазіцыю «Чалавеку мала трэба» і лялечны спектакль-казку ўласнага сачынення пра чароўную сілу звычайнай кветачкі рамонка, які з’яўляецца сімвалам аддзялення.

 Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў раёне не забытыя, не кінутыя на волю лёсу і клопаты толькі сваякоў —  такім быў лейтматыў сустрэчы. І разыходзіцца не спяшаліся. Не хацелася пакідаць гэты прыстанак сардэчнасці, добразычлівасці і дабрыні. І сапраўды, як мала трэба чалавеку…

 Таццяна Буракова.

 На здымках: у час сустрэчы.