Цукровы дыябет: хто ў групе рызыкі?

Штогод 14 лістапада ва ўсім свеце праходзіць Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету.

 Дата была выбрана невыпадкова. У гэты дзень нарадзіўся Ф. Бантынь, які сумесна з Ч. Бестам у 1921 годзе ў Канадзе адкрыў магчымасць выкарыстання інсуліну ў лячэнні цукровага дыябету. Іх першы пацыент, 14-гадовы хлопчык, якому ўводзілі 85 адзінак інсуліну ў суткі за 3-4 прыёмы, пражыў яшчэ 13 гадоў і памёр ад бронхапнеўманіі. Затым пацыентам стаў таксама хлопчык, які захварэў у чатыры гады, выкарыстоўваў інсулін усё жыццё і памёр ва ўзросце 76 гадоў ад сардэчнай недастатковасці.

 У цяперашні час у Беларусі налічваецца каля 240 тысяч хворых на цукровы дыябет, у нашым раёне – … чалавек. Іх колькасць няспынна расце, і большасць з іх набылі гэтае захворванне на працягу жыцця. Тэма Сусветнага дня барацьбы з цукровым дыябетам 2017 года – “Жанчыны і цукровы дыябет – наша права на здаровае будучае”. Ва ўсім свеце дзве з кожных пяці жанчын, якія пакутуюць на цукровы дыябет, знаходзяцца ў рэпрэдуктыўным узросце.

 Якія фактары садзейнічаюць развіццю хваробы, расказала ўчастковы ўрач-тэрапеўт УЗ “Сенненская ЦРБ” Вольга Ксянзова.

 — Развіццю хваробы садзейнічае генетычная схільнасць, атлусценне, нездаровае харчаванне, маларухомы лад жыцця, хранічныя стрэсавыя сітуацыі, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю. Ад 40 да 80% асоб, якія пакутуюць на цукровы дыябет, не ўсведамляюць сур’ёзнасці захворвання і часта не лечацца належным чынам, што вядзе да развіцця цяжкіх незваротных ускладненняў (слепаты, ныркавай недастатковасці, ампутацый). Дыябет пашкоджвае сэрца, крывяносныя сасуды, ныркі і нервы, прыводзіць да заўчаснай смерці. Рызыка памерці сярод людзей з дыябетам як мінімум у два разы вышэйшая, чым у асоб такога ж узросту, якія не маюць гэтага захворвання.

 Сімптомамі дыябету з’яўляюцца: смага, пастаяннае пачуццё голаду, страта вагі, пагаршэнне зроку, празмернае мочааддзяленне, стомленасць. У дзяцей і ў маладым узросце (пры дыябеце 1 тыпу) гэтыя сімптомы ярка выяўлены, тады як пасля 40 гадоў (пры дыябеце 2 тыпу) працяглы час хвароба можа працякаць скрыта.
 Паколькі цукровы дыябет 2 тыпу не мае яркіх клінічных сімптомаў, неабходна не менш за адзін раз у год правяраць узровень глюкозы ў крыві:
– асобам старэйшым за 45 гадоў;
– асобам з абцяжараным сямейным анамнезам па цукровым дыябеце;
– людзям з залішняй вагой і атлусценнем;
– жанчынам з атлусценнем і парушэннем менструальнай функцыі (сіндром полікістозных яечнікаў);
– жанчынам, у анамнезе якіх быў гестацыйны цукровы дыябет пры цяжарнасці ці нараджэнні дзіцяці вагой больш за 4,5 кг.
 Веды пра фактары рызыкі развіцця цукровага дыябету, меры прафілактыкі і своечасовы зварот да ўрача дапамогуць зберагчы ад гэтага грознага захворвання, прадухіліць магчымыя ўскладненні.

Падрыхтавала Ларыса МУКАМОЛАВА.