Вучнёўскай моладзі — ільготны праезд

Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду прапрацаваць пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на IV Усебеларускім народным сходзе.

 Апошнім часам усё часцей узнімаецца пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. «Аб гэтым гаварылі давераныя асобы пасля сустрэч з насельніцтвам, з гэтым да мяне звярталіся і парламентарыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму даручаю ўраду ў тыднёвы тэрмін прапрацаваць гэта пытанне, пралічыць і ўнесці канкрэтныя прапановы». Ён таксама перасцярог транспартнікаў ад неабгрунтаванага павышэння затрат нагэтыя мэты.

 Па зразумелых прычынах цяпер, у ходзе выбараў, вакол тэмы льгот шмат спекуляцый. Абяцаюць усе, каму толькі хочацца, і ўсё, што хочаце, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 Ён лічыць, што сітуацыя, якая склалася ў краіне (і ў Расіі, і ва Украіне пасля распаду Савецкага Саюза) з ільготамі да іх упарадкавання, была анамальнай. Тры чвэрці насельніцтва карысталіся тымі або іншымі льготамі. Прычым больш як палавіна з іх не з-за сваёй хваробы або заслуг, а толькі таму, што яны члены сям’і льготніка. «Такой раскошы раздаваць ільготы направа і налева не дазваляюць сабе нават вельмі багатыя краіны. Гэта ненармальна і, галоўнае, несправядліва», —падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Неабмежаваныя льготы — глеба для злоўжыванняў і карупцыі, лічыць Прэзідэнт.

 Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што захавана вялікая колькасць ільгот для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, інвалідаў, асоб, якія пацярпелі ад катастроф, і іншых катэгорый, якім сапраўды патрэбна сацыяльная абарона. Штогод устанаўліваецца для ўсіх пенсіянераў на дачны перыяд 50-працэнтная скідка на праезд у прыгарадным транспарце. Гэта практыка будзе прадоўжана, запэўніў Прэзідэнт.

 Паводле яго слоў, кожны чалавек мае права разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу, калі аб’ектыўна мае ў ёй патрэбу. «Аднак шалёных ільгот не будзе, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Нельга пладзіць у грамадстве ўтрыманскія настроі».

 Дзяржава прадоўжыць аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Але толькі там, дзе чалавек сам справіцца не можа. Ва ўсіх астатніх сферах задача дзяржавы — стварыць умовы для таго, каб людзі маглі самастойна і пад сваю адказнасць вырашаць свае праблемы. «Ва ўзаемаадносінах паміж чалавекам і дзяржавай абавязацельствы павінны рэальна набыць двухбаковы і ўзаемны характар, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Перш чым задаваць пытанне «што дзяржава мне дала?», кожны павінен запытацца, што ён карыснага зрабіў для сваёй Айчыны».