Адукацыя — самыя выгадныя ўкладанні

Многія беларусы небеспадстаўна лічаць, шта самыя выгадныя інвестыцыі — інвестыцыі ў адукацыю. А таму  нават калі на гэтыя мэты ў сямейным бюджэце няма грошай, іх шукаюць і знаходзяць. Найчасцей сенненцы звяртаюцца па пазыку ў Беларусбанк і Аграпрамбанк. Умовы крэдытавання ў названых установах самыя розныя, у тым ліку льготныя.

 Расказвае Злата Шацько, намеснік дырэктара ЦБУ № 218 г.Сянно філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк»:

 — Ільготнае крэдытаванне вучобы Беларусбанк праводзіць на падставе Указа Прэзідэнта № 516 ад 17 снежня 2002 года. У адпаведнасці з ім  грошы ў банку можа ўзяць адзін з бацькоў ці законных прадстаўнікоў студэнта, які  на платнай аснове атрымоўвае  першую вышэйшую адукацыю  ў вышэйшай навучальнай установе дзяржаўнай формы ўласнасці ці вну  спажыўкааперацыі і прафсаюзаў на дзённай форме навучання. Крэдыт выдаецца часткамі на працягу ўсяго перыяду навучання. Максімальны памер кожнай часткі не можа перавышаць 70 % кошту навучання. Галоўнай умовай прадастаўлення крэдыту з’яўляецца   сукупны даход сям’і — у месяц за папярэдні год ён не павінен перавышаць 350% зацверджанага пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

 Уплата працэнтаў у памеры 0,5 стаўкі рэфінансавання (зараз яна складае 10,5 %) пачынаецца  з наступнага месяца пасля атрымання крэдыту. Вяртаць  грошы  давядзецца на працягу  пяці гадоў, пачынаючы з наступнага месяца пасля заканчэння навучальнай установы.

 Пры адлічэнні студэнта з вну крэдыт павінен быць вернуты банку на працягу года з уплатай стаўкі рэфінансавання за ўвесь перыяд карыстання.

 У Беларусбанку можна таксама атрымаць спажывецкі крэдыт на вучобу і на агульных умовах — пад 16,5 % гадавых.

 Белаграпрамбанк таксама крэдытуе вучобу моладзі.На льготных умовах гэта робіцца для тых, хто з’яўляецца ўдзельнікам акцыі «Расці вялікі» і мае  ўклад  (дэпазіт) лініі росту.

 Слова Таццяне Кацар, намесніку ўпраўляючага аддзялення ААТ «Белаграпрамбанк» у г.Сянно:

 — Згодна з умовамі акцыі для яе ўдзельнікаў прадугледжана некалькі  бонусаў. Адзін з іх — крэдыт «Студэнцкі». Ён выдаецца па месцы заключэння дагавора банкаўскага ўкладу для атрымання адукацыі тэрмінам  на 11 гадоў  пад 16 % гадавых. Крэдыт прадастаўляецца ў беларускіх рублях. Тэрмін пагашэння не павінен перавышаць 5 гадоў пасля заканчэння навучальнай установы. Уплата працэнтаў робіцца штомесячна, пачынаюцца з месяца, наступнага за месяцам выдачы крэдыту. Мінімальная сума крэдытавання — 2 млн рублёў, максімальная — 40 млн рублёў, у залежнасці ад крэдытаздольнасці заяўніка. Крэдыт прадастаўляецца безнаяўным парадкам, шляхам пералічэння грашовых сродкаў на разліковы рахунак навучальнай установы.

 Заяўнікам на атрыманне пазыкі могуць  быць  студэнт, пры наяўнасці ў яго даходаў; адзін з бацькоў; жонка, муж.  Абавязковай умовай выдачы крэдыту з’яўляецца ўдзел у акцыі  «Дзіцячая ашчадная праграма «Расці вялікі». Пры гэтым тэрмін захоўвання ўкладу павінен складаць не менш 1000 дзён, а ўзрост студэнта на момант прадастаўлення пакета дакументаў на атрыманне крэдыту не павінен перавышаць 25 гадоў.

 У Белаграпрамбанка ёсць і іншыя магчымасці, каб  выдаць крэдыт для атрымання адукацыі. Беларускімі наяўнымі рублямі  можна ўзяць грошы на спажывецкія патрэбы пад 16,5 %, на пластыкавую картку — пад 15,5 %.

Матэрыял да друку падрыхтаваў

Аляксандр Лазюк.