Ахвяры рэкламы

Ніхто аспрэчваць не збіраецца, рэклама, безумоўна, патрэбна. Без яе ні газеты, ні тэлеканалы не абыдуцца, ды і інфармацыя для насельніцтва важная і багатая, здараецца, ідзе. Толькі ж адносіцца да рэкламы трэба з разуменнем, а то некаторыя не размяжоўваюць жартоўныя пародыі ад самой рэкламы.

Узяць хаця б аднаго майго знаёмага. Наслухаўся чалавек, як расхвальваюць амаль без перапынку сродак для чысткі ўнітазаў «Даместас». І якраз у тэлепраграме «Суботні вечар» новыя рускія бабулькі разважаюць:

— «Даместас» — важная штука!

— Праўда-праўда, асабліва калі пад добрую закусь…

Знаёмы мой узяў гэта ўсё на заметку. Удвух з себруком накуплялі балончыкаў «Даместас», разабралі іх, злілі вадкасць у слоік.

— Бяжы за добрай закуссю. «Марс» і «Снікерс» вельмі добра рэкламуюць.

Пабег сябрук, хуценька вяртаецца:

— «Марс» і «Снікерс» разабралі, дык я «Тампакс» купіў.

Селі, выпілі даместасу, пачалі закусваць тампаксамі. Жмулякалі-жмулякалі, плюнулі: «Дрэнь! Вата-ватай».

А вось рэкламуемы сабачы і кашэчы  корм себрукі ўпадабалі. Зайшла я па нейкай патрэбе да іх, гляджу: адзін за сталом сядзіць, другі пад сталом ляжыць. Спрабуе з падлогі ўзняцца, ды сіл не стае… А на стале пляшка недапітая…

— Казаў яму, штодня прапагандуюць «Педзігры», я ім і  закусваў. А Сцёпка сала еў, вось і саслаб. Заўсёды рэкламшчыкаў трэба слухацца.

Вобраз новых рускіх бабуль маім  суседкам спаць не дае. Прыходзяць яны неяк да мяне, саромеючыся, працягваюць слоічак з варэннем:

— Прэзент табе ад нас. Памажы, дачушка-ўнучачка, ты лепш ведаеш, як гэта на аб’яву адазвацца, мы во нагледзелі: «Адзінокі прыгожы мужчына васьмідзесяці трох гадоў жадае пазнаёміцца» і гэдак далей. А мы хочам узяць яго на дзвюх. Пенсіі ў нас ладныя. Звычка дрэнная была адна, мы яе перамаглі і з суседкамі болей не брэшамся і не клянём іх смертным клёнам. Напішы, што «Ждзём атвета, як салавей лета».

— А цётачкі вы мае, вы ж абедзве, як кажуць, пад булдой.

— А гэта мы для іміджу прынялі.

Насілу растлумачыла, што на дзвюх аднаго мужыка не паложана. Дык назаўтра адна з іх прыходзіць і ўмольна просіць звесці з мужыком, які рэкламуе на тэлебачанні «Фастум гель». Памятаеце, «Маша, выкатвай!» і потым з ролікамі на грудзях дзядок заяўляе: «Пайду, патусуюся».

— Унучачка, напэўна ж, ён, як і я, адзінокі. Чаго б на тыя ролікі на злом галавы папёрся, калі не ад адзіноты. Знайдзі яго даныя, — бабулька  какетліва паправіла карункі на грудзях. — А можа судзьбіна гэта наша, пішуць жа, гавораць у рэкламе перетяжки электросталь.

На што ўжо разважлівы мой муж, і той рэкламе паддаўся. Поўную торбу пакецікаў «Араматыкі» накупіў, а найбольш прыправы «Курка».  І тут без дай бог прычыны жывот у яго дужа заслабіў, нічым навесці на парадак не магу чалавека. Выклікала ўрача.

— Што ён еў?

— Бульбу, капусту, макарону. Ну і «курку» ўвесь час.

— Курку? — спужаўся ўрач, відаць, не пра прыправу араматычную падумаў, а пра мяса курынае. — Хуценька ў інфекцыйнае аддзяленне. Не  спрачайцеся, не дай бог, грып курыны ўсіх вас з’есць…

Назаўтра паехала я ў бальніцу адведаць чалавека. А ён адкінуў усё, што я яму прывезла, і гаворыць:

— Ты лепш хоць «чацвярцінку » прынясі. Яе хоць і не рэкламуюць, але ж і без рэкламы ўсе ведаюць: гэта лякарства ад усіх хвароб.

І сапраўды, хвароба адышла.

Рашылі: свайго грыпу бойся. А чужы, дасць бог, да нас не дойдзе.

Людміла Працэнка.