Голубые васильки, розы и колоски. Как на Сенненском хлебозаводе выпекают «дожиночные» караваи

У мінулую суботу сенненскі прыгажун-каравай красаваўся на абласных «Дажынках», што прайшлі ў Дуброўне. Не многія хлебапёкі і кандытары могуць пахваліцца майстэрствам выпякання каравая. Праца гэта карпатлівая, працаёмкая, не дзіўна, што на Сенненскім хлебазаводзе яе давяраюць толькі самым вопытным майстрам.

Працоўны стаж Галіны Палішчук і Ларысы Астроўскай налічвае не адно дзясяцігоддзе, без малога 20 гадоў на хлебапякарным прадпрыемстве працуе Святлана Купцова. Менавіта з іх прыгожымі, духмянымі, пакрытымі залацістай скарыначкай тварэнняміі на гасціннай Сенненшчыне сустракаюць, ушаноўваюць, адпраўляюць у дарогу самых ганаровых, заслужаных людзей і гасцей, яны ж ўпрыгожваюць вясельныя сталы мясцовых маладажонаў.

Але абласное свята-фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў графіку сенненскіх пекараў — асаблівая дата. Да яго, па традыцыі, рыхтуецца самы вялікі каравай, які пасля займае сваё месца на абласной выставе караваяў. Сенненскі ўдзельнік смачнай экспазіцыі, дарэчы, з году ў год годна прадстаўляе наш раён.

Карэспандэнты «ГС» на хлебазавод паспелі акурат да заканчэння работ па зборцы каравая. Падняць хлебнага волата з цяжкасцю могуць двое чалавек. Майстрыхі-каравайніцы стомленыя, але задаволеныя — усё задуманае атрымалася. Многія з іх правялі каля печы без малога суткі.

Падрыхтоўка каравая пачынаецца напярэдадні. На ноч ставіцца рошчына, а ўжо на наступны дзень прыступаюць непасрэдна да працэсаў яго фармоўкі, выпякання і ўпрыгожвання. Як будзе выглядаць будучы каравай, распавядае інжынер-тэхнолаг Валянціна Куранцова, майстры і кіраўніцтва завода вырашаюць супольна, таксама каравайніцы дзеляць паміж сабой функцыі: каму цеста замешваць, а каму ўпрыгажэнні рабіць. У гэтым годзе галоўны «дажыначны» каравай упрыгожылі кветкавыя кампазіцыі. Блакітныя васількі і бела-жоўтыя рамонкі зробленыя з масцікі, а вось ружы, каласкі і іншыя элементы вылеплены ўручную з цеста рознага гатунку: прэснага, салёнага, здобнага. Дарэчы, усе элементы выпякаюцца асобна і толькі потым злучаюцца паміж сабой, утвараючы адзіную канструкцыю. На ўсю гэтую трохузроўневы прыгажосць вышынёй каля 90 см і вагой пад 30 кілаграмаў спатрэбілася каля 8 гадзін бесперапыннай працы.

Цеста — гэта свайго роду жывая субстанцыя, якая патрабуе асаблівага старання. У кожнага пекара да яго свой падыход маецца. Ёсць сакрэты ў вырабе караваяў і ў сенненскіх майстрых. Але галоўны з іх Валянціна Куранцова не хавае. Паводле яе слоў, згодна з рэцэптурай, у ход ідуць толькі натуральныя інгрэдыенты: мука вышэйшага гатунку, курыныя яйкі, маргарын. Гэтае правіла, зрэшты, дзейнічае і для ўсёй хлебабулачнай прадукцыі завода. Можа таму яна карыстаецца попытам у насельніцтва, ідзе на «ўра» на ўсіх кірмашах і выставах. А гэта і ёсць самая высокая ацэнка работы сенненскіх хлебапёкаў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: каравайніцы С.Купцова, Г.Палішчук і Л.Астроўская.

Фота аўтара.