Районные «Дожинки», подготовку народно-хозяйственного комплекса к зимнему периоду и многие другие насущные вопросы обсудили на совещании у главы Сенненского района

Раённыя “Дажынкі” пройдуць у наступную суботу ў Машканах. На іх змогуць пабываць як работнікі сельскай гаспадаркі, так і ўсе жадаючыя. Арганізатары свята правядуць яго па традыцыйных канонах. 

Аднак на нарадзе ў кіраўніка раёна абмяркоўваліся пераважна  надзённыя праблемы, што датычацца ўсіх сенненцаў. У цэнтры ўвагі аказалася завяршэнне падрыхтоўкі народна-гаспадарчага комплексу да зімовага перыяду.

-У першую чаргу мы павінны дапамагчы пенсіянерам, адзінокім людзям. Працаздольнае насельніцтва ў стане паклапаціцца пра сябе самастойна, — упэўнены Васілій Чараднік.

А таму размова ішла не толькі пра нарыхтоўку паліва. Кіраўнік раёна запатрабаваў, каб ў РУП ЖКГ, унітарным прадпрыемстве пры Багушэўскім сельвыканкаме былі не толькі спецыялісты, якія могуць перакласці, адрамантаваць печ, але і камінары. Пачысціць комін ад сажы, агледзіць іх – такая паслуга будзе запатрабавана сталымі людзьмі, паслужыць пажарнай бяспецы.

Яшчэ адна важная задача — завяршыць збор маёмасных падаткаў і падаткаў на зямлю.  Пакуль што сабрана каля 40% ад налічанай сумы. У сувязі са скарачэннем штату работнікаў падатковай інспекцыі асноўная нагрузка кладзецца на спецыялістаў сельвыканкамаў. У значнай ступені ад іх работы залежыць і завяршэнне работы па ідэнтыфікацыі жывёлы. І не толькі ў грамадскіх сельгасарганізацыях. Ідэнтыфікацыйны нумар павінна атрымаць жывёла, што ўтрымліваецца ў фермерскіх гаспадарках, на прыватных сялянскіх падворках. Не атрымаўшы яго уласнікі не змогуць прадаць жывёлу, рэалізаваць жывёлаводчую прадукцыю, у тым ліку малако.

У ветэрынараў, спецыялістаў санстанцыі выклікае трывогу рост захворванняў жывёлы на шаленства. У нашым раёне выяўлена ўсяго некалькі такіх выпадкаў. А вось у суседніх прымаюцца экстранныя надзвычайныя меры. Зрэшты, спецыялісты раённых службаў Сенненшчыны таксама не сядзяць без справы. Пачалася вакцынацыя людзей, якія працуюць у лесе, у полі. РУП ЖКГ вядзе будаўніцтва вальера для часовага ўтрымання адлоўленай безнагляднай жывёлы. Папераджальныя меры павінны стабілізіраваць сітуацыю. Важна, каб людзі таксама разумелі неабходнасць правядзення прывівак хатняй жывёлы ад шаленства. У першую чаргу сабак і кошак, якія свабодна выгульваюцца.

Міністэрства лясной гаспадаркі ў наступную суботу праводзіць акцыю “Чысты лес”. Далучыцца да яе запрашаюцца ўсе жадаючыя. Адначасова на гэтым тыдні плануецца дапоўніць насаджэннямі дэндрапарк і скверы райцэнтра, іншых населеных пунктаў.

-Дрэвамі трэба засадзіць усе пусткі, – выказаў сваё меркаванне Васілій Чараднік. –Не менш важна далучыць да гэтай справы дзяцей, моладзь, членаў грамадскіх арганізацый. Пасаджанае, зробленае ўласнымі рукамі лепш прыжываецца і захоўваецца.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.