В ОДПИ Сенненского ТЦСОН разработали новый проект по изучению родного края

Новы праект па вывучэнні роднага краю і папулярызацыі краязнаўчых матэрыялаў распрацаваны ў клубе “Залаты ўзрост”, што працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН.

     У склад клуба пад кіраўніцтвам Валянціны Дземчанка ўваходзяць пенсіянеры, якія ў свой час працавалі ў сферах выхавання, эканомікі, медыцыны, культуры, бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання і іншых. Чатыры гады назад гэтыя актыўныя людзі паважанага ўзросту аб’ядналіся ў суполку, каб знайсці прымяненне сваім ведам, здольнасцям, энергіі, каб самім узбагаціцца духоўна і прыносіць карысць іншым.

     За час свайго існавання клуб удзельнічаў у многіх добрых пачынаннях сумесна з ініцыятыўнай групай “Родник”, наведвальнікамі аддзялення. Цяпер распрацаваны ўласны праект.

     -Любоў да роднай зямлі – неад’емная частка духоўнасці чалавека. Але немагчыма па-сапраўднаму любіць тое, што мала ведаеш. Наш праект дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй малой радзімы, дапамагае далучыцца да яе мінулага, усвядоміць сучаснае, зазірнуць у будучае, — гаворыць кіраўнік праекта, спецыяліст па сацыяльнай рабоце АДНІ Людміла Зайко.

     Удзельнікі новага праекта будуць займацца зборам матэрыялаў пра культурна-гістарычныя і памятныя месцы Сенненшчыны, вывучаць традыцыі, звычаі, асаблівасці культуры краю, знаёміцца з помнікамі прыроды і культуры. Вынікі сваёй работы актыўныя пенсіянеры плануюць прадставіць у выглядзе фотаальбома. А пакуль іх чакаюць аўтобусныя, пешыя і віртуальныя экскурсіі, сустрэчы са знакамітымі людзьмі.

     Нядаўна ўдзельнікі праекта разам з работнікамі раённай бібліятэкі ажыццявілі сваю першую экскурсію. У час паездкі Людміла Зайко пазнаёміла экскурсантаў з гісторыяй будынкаў, размешчаных па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра. Бібліятэкары расказалі легенды і паданні пра азёры Сенненшчыны. У прыватнасці, пра возера Кулікоўскае, міма якога пралягаў маршрут паездкі.

     У час прыпынку ў аг.Нямойта члены клуба “Залаты ўзрост”, сярод якіх ёсць медыкі, памерылі ціск састарэлым і маладым вяскоўцам, што сабраліся ў мясцовай бібліятэцы.

     Потым экскурсія рушыла да Чортава каменя. Кожны з яе ўдзельнікаў меў магчымасць расказаць, што ён ведае ці некалі чуў пра гэта цікавае месца, а таксама пра іншыя адметныя куткі Сенненшчыны. Зрабілі фотаздымкі для будучага фотаальбома.

     -Пачатак пакладзены. Работа зацікавіла, час правялі з карысцю, і не толькі для сябе, — падсумавала кіраўнік праекта.

 Таццяна БУРАКОВА.  

Здымак Аляксандра КАРБОЎСКАГА.