Дэпутаты селі за парты

  Прайшлі чарговыя заняткі дэпутацкага  корпуса раённага Савета дэпутатаў ХХУІ  склікання. У якасці настаўнікаў выступалі кіраўнік райсавета і спецыялісты райвыканкама.

 Прававыя і сацыяльныя аспекты ажыццяўлення дэпутацкай дзейнасці ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 1992 года «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» — тэма выступлення М.М.Вілюгі, старшыні раённага Савета дэпутатаў. Міхаіл Мікалаевіч падрабязна спыніўся на сукупнасці правоў і абавязкаў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Асабліва засяродзіў увагу на абавязках, якіх заўсёды больш, чым правоў. Падкрэсліў, што дэпутат павінен мець дачыненне да ўсіх праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця свайго рэгіёна, да спраў выбаршчыкаў, якія яго вылучылі на грамадскую пасаду. Заклікаў праяўляць актыўнасць у рабоце з насельніцтвам, але ў межах правоў, вызначаных статусам дэпутата яго ўзроўню. Пазнаёміў слухачоў з рэгламентам раённага Савета дэпутатаў, які вызначае правілы і парадак дзейнасці райсавета.

  Аб выкананні патрабаванняў заканадаўства па рабоце са зваротамі грамадзян гаварыў А.А.Цяцюеў — кіраўнік спраў Сенненскага раённага выканаўчага камітэта. Алег Анатольевіч  яшчэ раз прыгадаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 года № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян», асноўныя моманты Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 1996 года «Аб зваротах грамадзян». Спыніўся на задачах, якія вынікаюць з патрабаванняў нарады на вышэйшым узроўні аб павышэнні эфектыўнасці работы са зваротамі грамадзян, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў у лістападзе гэтага года, а таксама на тым, што сёння, зыходзячы з апошніх дакументаў і заканадаўчых актаў, за неналежнае рэагаванне на аб’ектыўныя запыты грамадзян любы чыноўнік можа рызыкаваць пасадай, а не толькі несці адміністрацыйнае спагнанне, як гэта было раней.

 Ён даў інфармацыю аб межах выбарчых акруг, выбаршчыкі якіх вылучалі адпаведных дэпутатаў пярвічнага ўзроўню грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання. Давёў графік прыёму выбаршчыкаў дэпутатамі сельскіх, пасялковага і раённага Саветаў дэпутатаў.

 На ролі дэпутатаў у мясцовым самакіраванні засяродзіла ўвагу прысутных юрысконсульт райвыканкама Н.А.Мурашкевіч. Ніна Аляксандраўна падкрэсліла, што Саветы з’яўляюцца прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі, якія створаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, і асноўным звяном сістэмы мясцовага самакіравання. Прыгадала асаблівасці кампетэнцыі Саветаў базавага і  Саветаў пярвічнага ўзроўняў і інш.

 Улічваючы, што састаў дэпутацкага корпуса раённага Савета ХХУІ склікання значна абнавіўся, падобная вучоба прынясе карысць. І народныя абраннікі будуць працаваць з найбольшай эфектыўнасцю.

     Міхаіл Бялоў.