Адкрываючы людзей і родны край разам з «Народнай газетай»

Хто, цікава, прыдумаў словазлучэнне «малая радзіма»? Хіба можа Радзіма быць малой? Нават калі маецца на ўвазе не цэлая краіна, а горад, мястэчка, невялікая вёсачка. Для чалавека, які нарадзіўся там, гэта — разам, канешне ж, з Радзімай, Айчынай, Бацькаўшчынай — самае важнае, самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому, з усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і старая панская сядзіба, і валун у полі, і гаючая крыніца, і стары крыж на раздарожжы — асобная, найцікавейшая гісторыя, якой варта падзяліцца з іншымі людзьмі.

 Вось так — проста і зразумела — патлумачыў ідэю падрабязна расказаць у праекце «Сем цудаў Беларусі»  пра кожны раён краіны на старонках рэспубліканскага выдання галоўны рэдактар «Народнай газеты» Уладзімір АНДРЫЕВІЧ:

 — Перш за ўсё дазвольце выказаць шчырую падзяку супрацоўнікам вашай рэдакцыі за дапамогу  ў падрыхтоўцы публікацыі праекта «Сем цудаў Беларусі» по Сенненскаму раёну. Матэрыялы, як вы ведаеце, рыхтаваліся «Народнай газетай» па кожнаму раёну краіны.

Дзякуй.

 Уладзімір Уладзіміравіч, сёлета праект «Сем цудаў Беларусі» па выніках Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара» атрымаў Гран-пры за лепшы творчы праект сярод рэспубліканскіх выданняў. Прызнанне сярод чытачоў па ўсёй краіне — таксама несумненнае. У чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху?

 — Трэба быць бліжэй да людзей, да іх праблем, да іх — як у выпадку з «Сямю цудамі» —  прывязанасцяў, пачуццяў, інтарэсаў. Калектыў «Народнай газеты» кіруецца гэтым прынцыпам, рыхтуючы ўсе свае матэрыялы. Мы робім газету пра  людзей і для  людзей, мы разумеем, што назва нашага выдання — не толькі пачэсная, але і да многага абавязвае. Дарэчы, з гонарам магу канстатаваць: «Народная газета» не першы раз выходзіць пераможцай у намінацыі «Лепшы творчы праект года». «Залатой літарай» ужо ўганараваныя дадаткі «НГ» «Мая Беларусь» і «Сям’я». Зноў жа, напэўна, гэта невыпадкова. «Мая Беларусь» за гады свайго існавання на старонках нашай газеты стала сапраўдным жыццяпісам усіх рэгіёнаў краіны. Няма раёна, у які б не зазірнулі журналісты «Народнай газеты». І ўсюды найцікавейшыя людзі, іх добрыя справы, іх выдатныя ідэі — аб кожным асобную кніжку можна пісаць! А «Сям’я» — газета ў газеце, штотыдзень па суботах у ёй могуць знайсці цікавую і — галоўнае — карысную інфармацыю прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, а яшчэ прыкладныя парады па вядзенню гаспадаркі, арыгінальныя рэцэпты смачных страў — усё для чытача, для яго інтарэсаў, яму на карысць. Апошняе «усё для чытача» з поўнай адказнасцю магу сказаць і пра іншыя праекты і дадаткі «Народнай газеты»: «Народны ўпраўдом», «Квадратны метр», «Экосреда», «Будзем здаровы!»…

 — Але ўсе названыя праекты існуюць не адзін год, яны сапраўды цікавыя і карысныя і могуць яшчэ доўгі час выходзіць на старонках «Народнай газеты» пастаянна. А вось «Сем цудаў» тут, атрымліваецца, выключэнне: апублікавалі звесткі пра ўсе раёны, пройдзе галасаванне — і ўсё?

 — Не, што вы! Гэта якраз той праект, які можа існаваць вельмі доўга. Бо ў нашай цудоўнай краіне столькі ўсяго дзівоснага, цікавага, невядомага для многіх, аб чым варта расказаць. Тут хочацца працытаваць Уладзіміра Караткевіча, юбілей якога сёлета адзначаем:

                А я не пішу пра чужыя шыроты.

                Я джунглі і ў нас адшукаць сумею.

                Сцяблінка звычайнай расянкі балотнай

                Цікавей жыве за ўсе архідэі.

                У дрэвах з мармуру — іх зваць бярозамі,

                У вежах з карункавым іхнім уборам

                Я добра бачу ўчарашнія слёзы

                І сённяшні смех з барацьбою поруч.

                Райскія птушкі (сіваваронкі)

                Ў джунглях дрымучых (лясах Белавежы),

                Ў краі нязнаемым (роднай старонцы)

                Ў мімозы сядаюць (у верас бязмежны).

                Што мне да кінутых храмаў Мая,

                Калі жывуць легенды ў народзе,

                Калі на выспах глухіх адкрываю

                Крокі мінуўшых тысячагоддзяў…

 Мы, канешне, захаваем інтрыгу: выберам з дапамогай чытачоў спачатку лідараў з кожнага раёна, якія стануць потым удзельнікамі абласнога фіналу. Дарэчы, каб надаць праекту большую маштабнасць і папулярнасць, мы праводзім яго сумесна з аблвыканкамамі, райвыканкамамі, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённымі арганізацыямі РГА «Белая Русь», раённымі газетамі.  Пасля вызначацца лідары з кожнай вобласці — тады будзе фінал рэспубліканскі. Ці трапяць у яго цуды вашай мясцовасці — залежыць толькі ад чытацкай актыўнасці.

 Спадзяюся, што жыхары Сенненскага раёна прымуць удзел у галасаванні на працягу ўсіх этапаў. Прагаласаваць можна на нашым сайце www.ng.by. Абавязкова на яго зазірніце!

 Магу параіць таксама: сачыце за «Народнай газетай». Бо пасля мы падрабязна будзем расказваць пра лідараў кожнага этапу, магчыма, падзелім іх на розныя намінацыі:  прыродныя аб’екты, помнікі архітэктуры, нематэрыяльныя каштоўнасці і г.д. Карацей, тэм для публікацый хопіць надоўга. Адкрываць для сябе і іншых родны край і яго людзей — гэта тое, што ніколі не надакучыць.

 — Дзякуй за шчырую размову.

 Падрыхтавала Вольга Мысліцкая.