Праздник хлеборобов в Дубровно приглашает

Сёння хлебаробы Віцебшчыны сабраліся ў Дуброўне на абласным фестывлі – кірмашы “Дажынкі – 2017”. Удзел у галоўным сялянскім свяце, якое ў нашай краіне праводзіцца спакон вякоў, прыме і прадстаўнічая афіцыйная дэлегацыя Сенненскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Васіліем Чарадніком.

У яе складзе кіраўнікі сельгасарганізацый, лепшыя спецыялісты, прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюза работнікаў АПК. І, зразумела, пераможцы абласнога спаборніцтва, што было арганізавана сярод удзельнікаў жніва: Аляксей Гарбачоў і Уладзімір Васілёнак, Барыс Гарнак і Віктар Гарнак, экіпажы зернеўборачных камбайнаў КЗС-10К Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі (аб іх дасягненнях мы ўжо пісалі), Ілья Падбярэцкі, вадзіцель аўтамабіля ЗІЛ грузападымальнасцю 4,5 т, які за жніво даставіў з поля на ток 1716, 33 т збожжа. Ён таксама прадстаўляе ВДМС.

Сёлетні агульнараённы каравай больш важкі, чым леташні. Намалочана больш за 38 тыс. т зерня пры ўраджайнасці вышэй за 27 ц з гектара. У 2016 годзе, нагадаем, з палеткаў раёна было сабрана 31686,7 т зерня, намалот з гектара склаў 23,9 ц.

Неблагі вынік, асабліва ў фінансавым плане, дасягнуты сельскагаспадарчай галіной ў вытворчасці рапса.  Нягледзячы на значныя страты, выкліканыя надвор’ем, толькі гэтай яравой культуры намалочана амаль 3 тыс. тоны.

У Дуброўне сенненцаў можна будзе сустрэць не толькі ў святочных калонах, на галоўнай сцэне “Дажынак”, куды запросяць лепшых хлебаробаў. У праекце “Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці” раён прадставіць наш Дом рамёстваў. Іншыя ўмельцы размесцяцца ў “Горадзе майстроў”. Сенненскія хлебапёкі прадставяць свой выраб на выставе “Каравай 2017”. Іншую прадукцыю райспажыўтаварыства можна будзе знайсці на гандлёвых радах. Не абыйдзецца без удзелу сенненцаў спаборніцтва “Асілак сяла”. Нашы хлопцы – мацакі выпрабуюць сваю моц  і моц сапернікаў у барацьбе на паясах. Школьнікі-футбалісты запрошаны на турнір па міні-футболе.

Зрэшты, “Дажынкі” – свята агульнанароднае. Дарога туды нікому не закрыта. Арганізатары будуць рады ўсім. Хіба што трэба мець на ўвазе, што рух транспарту некалькі абмяжуюць, узмоцненяць рэжым дагляду.

Да сустрэчы на “Дажынках – 2017”.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.