Вярнуць права Маці звацца

На экране адна за адной змяняліся мілыя карцінкі дзетак і матуль, сцэна была ўбрана кветкамі, зробленымі дзіцячымі ручкамі, гучалі пранікнёныя словы аб мацярынскай любові. Усё сведчыла пра пачатак сямейнай імпрэзы. Аднак, насуперак чаканням, мерапрыемства насіла не святочны, а праблемны характар. Другі раённы бацькоўскі сход сабраў у актавай зале ПМК-64 60 сем’яў, пастаўленых на ўлік як сацыяльна небяспечныя. Гэта яшчэ адна магчымасць дастукацца да сэрцаў тых, хто прамяняў сваіх дзяцей на алкаголь. Залежнасць дарослых ад «зялёнага змію» з’яўляецца асноўнай прычынай дзіцячага сіроцтва пры жывых бацьках.

 У ліку прысутных на мерапрыемстве былі медыкі, настаўнікі, участковыя інспектары, члены грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «БРСМ», начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковага саветаў  — тыя,  хто штодзень сутыкаецца з сямейным «неблагополучием» і каму, у адрозненне ад родных, не абыякавы лёс дзяцей. Пра важнасць праблемы сведчыла прысутнасць старшыні раённага Савета дэпутатаў М.М.Вілюгі і кіраўніка раённага выканаўчага камітэта Э.М.Герасіменкі.

 Згодна выступлення намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях З.С.Фаміной, за час дзеяння Прэзідэнцкага Дэкрэта №18 597 дзетак у раёне знаходзіліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Пры гэтым 101 дзіця было адабрана ў родных бацькоў. З іх толькі 46 вярнуліся ў біялагічныя сем’і. На пачатак года 274 дзіця з 131 сям’і знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. На 1 лістапада гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 140 дзетак з 75 сем’яў. Лічба ўсё яшчэ не малая. Хоць руплівая праца «барцоў» за сямейны дабрабыт, безумоўна, дае свой плён.

 Вопытам работы падзяліліся намеснік раённага пракурора Уладзімір Рудзянкоў, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх сеннескага РАУС Вольга Шумская, педагог-псіхолаг СШ №1 г.Сянно Мая Паўлоўская. Не застаецца ўбаку мясцовая ўлада. Так, згодна інфармацыі старшыні Нямойтаўскага сельсавета Анатоля Бараноўскага, сёння на падначаленай яму тэрыторыі жывуць 8 праблемных сем’яў супраць 22, што былі на пачатак дзеяння дэкрэта. Актыўна дапамагаюць у барацьбе кіраўнікі прадпрыемстваў: уладкоўваюць да сябе на працу, сочаць за наведвальнасцю. Не ўсім такая шчыльная ўвага даспадобы. Адна прыезджая сям’я не вытрымала і вярнулася ў Расію.

 Тое, што бачаць адказныя асобы ў такіх сем’ях, адлюстравалася ў імправізаваным фільме. Неахайнасць, бруд, п’яны ўгар — фотаздымкі яскрава перадаюць «сямейную» хроніку.    

 «Мы павінны ствараць у раёне зону нецярпімасці да такіх людзей, — выступленне кіраўніка раёна мела дастаткова жорсткі тон. — Не лекцыі ім трэба чытаць, а канкрэтнымісловамі і дзеяннямі тлумачыць, што з імі будзе, калі яны не стануць жыць па-чалавечы!» Сёлета з раённага бюджэту выдаткавана больш за 160 млн рублёў на патрэбы выхаванцаў сацыяльнага прытулка, больш за мільён выдаткоўвае дзяржава на кожнага з інтэрнатаўскіх дзяцей. Між тым, гора-бацькі вярнулі толькі 71%. Справа, канешне, не толькі ў лічбах.  як бы ні было добра ў інтэрнаце, лепей за ўсё дзіцяці будзе дома, побач з роднымі. Але якім яно вырасце ў такіх умовах? Большасць, на жаль, паўтарае шлях бацькоў.

 Уладальніца ордэна Маці Ірына Дзямідчык, згодна псіхолагам, павінна была пайсці па нахіленай, услед за сваёй гора-матуляй. Яна памятае голад і адчай, якія давялося перажыць з-за п’янства апошняй.  Дзяўчынку выхавалі бабуля і дзядуля — шчырыя вернікі. Яны навучылі яе жыць па Божых законах любові і дабрыні. Сёння сям’я прэсвітэра царквы «Надзея» ў Сянно Паўла і настаўніцы нядзельнай школы Ірыны Дзямідчыкаў прызнаецца ў сваім бацькоўскім шчасце і годна выхоўвае шасцярых дзяцей.

  Здаецца, што вызваліць чалавека з абдымкаў алкагалізму — справа невырашаемая. У адваротным пераконвае жыццё Наталлі Лукашовай. Жанчына адумалася толькі, калі ў яе адабралі траіх дзяцей. Ёй пайшлі насустрач. Гэта ўжо мінулае. У сучасным яна — пяшчотная мама, старанная працаўніца. Алкаголь саступіў месца захапленню музыкай. Ці чакае сям’ю светлая будучыня, залежыць ад жанчыны, маці.

 Многім родных бацькоў замянілі чужыя дзядзі і цёці. Так, у раёне існуюць 44 прыёмныя і 22 апякунскія сям’і, у якіх выхоўваюцца 80 дзяцей. Сям’я Надзеі Васілёнак стала ў Ходцах адной з першых. Цяпер, з падачы жанчыны, у аграгарадку дзейнічае цэлы клуб прыёмных бацькоў «Сузор’е надзей», які аб’ядноўвае 11 сем’яў. Біялагічная маці яе Волечкі жыве, лічы, у суседняй вёсцы, але пра лёс дачкі патурбавалася адзін толькі раз, калі п’янай патэлефанавала да Васілёнкаў. Неўзабаве дзяўчынка пакіне ўтульны дом, паедзе вучыцца, але ў прыёмнай сям’і (а не ў родным доме) яе будуць чакаць і любіць заўсёды.

 Шчымлівыя пачуцці выклікалі творчыя выступленні выхаванцаў Багушэўскага Дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і сенненскага сацыяльнага дзіцячага прытулка. Насуперак першаму фільму, здымкі з прытулка дэманстравалі чысціню, утульнасць, мноства лялек… І ўсё ж жаданне вярнуцца дадому пераважае над матэрыяльнымі выгодамі «казённага» жыцця. Гэта было бачна па натуральных слязах выхаванак прытулка  падчас іх выступлення. Дарэчы, адна з мам дзяўчынак у гэты момант прысутнічала ў зале. Няўжо яе сэрца не расчулілі слёзы дачкі?! Па словах дырэктара ўстановы Дзмітрыя Мяснікава, сітуацыя, быццам, наладжваецца. Што ж, хочацца верыць, што сход для некага паслужыць кропкай вяртання добрага імя СЯМ’Я.

Вольга Бандарэвіч.