Работники Богушевского лесхоза отметили свой профессиональный праздник

    У нядзелю, 17 верасня, сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі лясной галіны краіны. Падарунак у выглядзе рэканструяванага будынка з нагоды ўрачыстай даты атрымаў калектыў Обальскага лясніцтва.

 На цырымоніі адкрыцця, што адбылася напярэдадні, прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады — першы намеснік старшыні раённага выкананўчага камітэта Аляксей Дойлін, старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга.

Ляснічы лясніцтва Андрэй Старавойтаў правёў для гасцей мерапрыемства невялікую экскурсію па ўстанове, абсталяванай новай мэбляй. Сродкі на іх, як і на рамонтныя работы, выдаткаваны сумесна Багушэўскім лясгасам і Обальскім доследна-вытворчым лясніцтвам. Дарэчы, працэс рэканструкцыі заняў усяго чатыры месяцы. Новым камп’ютарам папоўнілася ў той дзень і тэхнічнае аснашчэнне лясніцтва. Але ж галоўным рэсурсам установы былі і застаюцца людзі. У лясніцтве працуюць дваццаць два работнікі. Адзін з іх, ляснік Юрый Бяляеў, за руплівую і шматгадовую працу нядаўна атрымаў нагрудны знак “Ганаровы лесавод” Міністэрства лясной гаспадаркі. 

Высокімі паказчыкамі можа ганарыцца і Багушэўскае лясніцтва, якое таксама спраўляла наваселле напярэдадні прафесійнага свята. Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку перад уваходам у абноўленае памяшканне было прадастаўлена Аляксею Дойліну і Міхаілу Вілюгу і ляснічаму лясніцтва Дзмітрыю Тамарэвічу. Як трапна заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў, нароўні з выніковасцю і прадуктыўнасцю работы лясгаса выклікае радасць рэканструкцыя і абнаўленне лясніцтваў. У тым, што гэты працэс працягнецца далей, запэўніў дырэктар ДЛГУ “Багушэўскі лясгас” Аляксандр Ізмайловіч. Наступным ў чарзе на ператварэнне знаходзіцца Ульянавіцкае лясніцтва. 

Вынікі работы за 2017 год падвялі на ўрачыстым пасяджэнні, што мела адбыцца ўжо ў сценах Багушэўскага лясгаса. З прафесійным святам калег павіншавалі кіраўнік лесагаспадарчага прадпрыемства Аляксандр Ізмайловіч і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Таццяна Шугальская. А самыя лепшыя работнікі былі адзначаны ўзнагародамі ў выглядзе ганаровых грамат Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Сенненскага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, Віцебскага дзяржаўнага лесавытворчага аб’яднання, Багушэўскага лясгаса, а таксама падзячнымі лістамі ад кіраўніцтва лясгаса. За бездакорную службу восем работнікаў атрымалі нагрудныя знакі. Партрэты і імёны дзесяці чалавек занесены на Дошку гонару ўстановы.

Ганна КОРСАКАВА.

Фота аўтара.