Практычная гульня

Напрыканцы лістапада своеасаблівы «экзамен» прыйшлося трымаць старшыням і сакратарам участковых выбарчых камісій. 

 Складаўся ён з дзвюх частак — тэарэтычнай і практычнай. Спачатку гаворка ішла пра фінансаванне, спісы выбаршчыкаў, падрыхтоўку выбарчых участкаў… Прысутныя ўважліва слухалі і пазначалі некаторыя моманты ў запісных кніжках. Хто быў уважлівым, высветлілася ў другой палове «экзамена».

 Як паводзіць сябе, калі на ўчастак прыйшоў нецвярозы чалавек? Што рабіць, калі прапала святло ў час галасавання?..

 Шукаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні  дапамагала Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама.  Па яе словах,  навучанне ў выглядзе гульні дапаможа пазбегнуць памылак у час выбараў і надасць членам камісій  упэўненасць. Часам могуць узнікнуць форс-мажорныя сітуацыі, у якіх чалавек можа разгубіцца і не адразу знайсці правільнае выйсце з іх. А гэтага нельга дапусціць. Старшыні ўчастковых выбарчых камісій на любое пытанне павінны даваць кампетэнтны адказ. 

 Сёння ў раёне працуе 30 выбарчых участкаў, на якіх занята 355 чалавек.  Ужо з 14 снежня пачнецца датэрміновае галасаванне.

Кацярына КАРПОВІЧ.