Я б у міліцыю пайшоў

Служба ў органах унутраных спраў была і застаецца прыцягальнай для юнакоў і дзяўчат, якія стаяць перад выбарам будучай прафесіі. Некага ва­біць магчымасць актыўна супрацьстаяць злу, абараняць закон і грамадзян. Але сваю немалаважную ролю ады­грывае матэрыяльны бок, бо міліцыянеры маюць даволі высокае грашовае забеспячэнне, форменнае абмундзіраванне, дадатковы водпуск за выслугу гадоў, грашовую надбаўку  за складанасць і напружанасць. Заўжды ёсць  магчымасць для кар’ернага росту і павышэння прафесійнага майстэрства. Пры дасягненні 45-гадовага ўзросту, а таксама пасля 20 гадоў службы, з’яўляецца права на пенсіённае забеспячэнне. Наяўнасць юрыдычнай адукацыі стварае вялікую верагоднасць для  працягу  працоўных адносін пасля выхаду на пенсію.

 Аднак са старшым лейтэнантам міліцыі, старшым інспектарам групы кадраў Сенненскага РАУС Сяргеем Дадзеркіным мы размаўляем крыху на іншую тэму. Мой субяседнік захоплена апавядаў пра ўмовы па­ступлен­ня ў навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў, дзе вучаць “на міліцыянера”.

 — Для пачатку давайце назавём гэтыя навучальныя ўстановы.

 — Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь мае свае спецыялі­­­за­ваныя навучальныя ўста­новы — гэта Акадэмія і Магілёўскі вышэйшы каледж, у сценах якіх рыхтуюць  спецыялістаў у вобласці правазнаўства і эканамічнага права.

 — Прабачце, але правазнаўства ў наш час  не такая ўжо і дэфіцытная спецыяльнасць. Атрымаць яе можна ў многіх іншых вну нашай краіны.

 — Можна. Толькі ў “іншых вну” вучацца студэнты, а ў нашых — курсанты. Немалаважна, што толькі  ва ўстановах адукацыі  МУС на вельмі высокім узроўнівядзецца падрыхтоўка па спецыялізацыях “аператыўна-вышуковая дзейнасць”, “адміністрацыйна-прававая дзейнасць”, “кры­мінальна-выканаўчая дзейнасць” і “судова-пракурорска-следчая дзейнасць”.  Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца на  вочнай і завочнай формах навучання.

 — Магілёўскі каледж стаў “вышэйшым”. Гэта азначае, што ў ім  можна атрымаць вышэйшую адукацыю?

 — І вышэйшую, і сярэднюю спецыяльную.

 — Якія патрабаванні дасваіх абітурыентаў прад’яўляюць навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў?

 — На вучобу прымаюцца юнакі і дзяўчаты (у каледж могуць паступаць  толькі юнакі) ва ўзросце 17-25 гадоў. Яны павінны валодаць высокімі маральна-дзелавымі якасцямі, станоўча характарызавацца па месцы вучобы, работы, жыхарства,  быць здаровымі. Дарэчы, навучальныяўстановы МУС у апошнія гады карыстаюцца высокай папулярнасцю ў дзяўчат, у тым ліку сенненскіх.

 — Чым гэты інтарэс тлумачыцца?

 — Магчыма, тым, што вучыцца і працаваць ім прыходзіцца сярод мужчын (смяецца). А калі сур’ёзна, то сваю ролю адыгрываюць  перавагі і сацыяльная абарона, якія гарантаваны міліцыянерам і курсантам дзяржавай.

 — Хіба вучоба, скажам, у Акадэміі МУС моцна адрозніваецца ад вучобы ў “грамадзянскай” вну?

— Па-першае, Акадэмія знаходзіцца ў Мінску. Па-другое, акрамя даволі высокай стыпендыі, курсант на ўвесь час вучобы забяспечваецца бясплатным харчаваннем, жыллём, абмундзіраваннем. Абедзве навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць міліцыянераў, маюць высока­кваліфі­каваны прафесарска-выкладчыцкі састаў, выдатную навукова-практычную і спартыўную базы, што дазваляе маладым людзям раскрыць свой патэнцыял. Немалаважна — гарантаванае працаўладкаванне.

 — Якія экзамены трэба здаваць тым, хто вырашыў паспрабаваць свае сілы і паступіць у навучальныя ўстановы МУС?

 — Для паступлення ў  Акадэмію спатрэбяцца вынікі тэсціравання па беларускай ці рускай мовах, матэматыцы і грамадазнаўству. Яны ж спатрэбяцца  пры паступленні ў  каледж тым, хто будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю. Пры атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі давя­дзец­ца здаваць экзамены па спецыяльнасці.

 — Ці вялікі конкурс наглядаўся летась?

 — Многае залежала ад факультэта. На самы прэстыжны з іх  юнакам трэба было набраць 145 ба­лаў.

 — Калі нехта зацікавіцца выкладзенай на старонках газеты інфармацыяй, куды трэба звяртацца?

 — Група кадраў Сеннен­ска­га РАУС знаходзіцца на першым паверсе будынка аддзела. Наш нумар тэлефона 4-27-05.

 Гутарыў  Аляксандр Лазюк.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *