В Сенно выбрали лучшую молодую семью, проживающую на селе (+фоторепортаж)

Каб добра жыць у вёсцы, трэба быць працавітым і шмат чаго ўмець па гаспадарцы. Гэта аксіёма не губляе сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень. Пераканацца ў адваротным не дае традыцыйны сельскагаспадарчы конкурс “Уладар сяла”, што нядаўна прайшоў на Сенненшчыне. Самых дбайных гаспадароў сёлета выбіралі сярод васьмі маладых сямей, якія прадстаўлялі ўсе сельсаветы нашага раёна.

На гэты раз мерапрыемства змяніла сваю прапіску і прайшло не на багушэўскай зямлі, а ў райцэнтры. Але нязменнымі засталіся яго вядучыя — дырэктар Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната Дзмітрый Цімашэнка і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Сініцына. Істотна не змянілася і конкурсная праграма, адкрыла якую візітоўка “Вітаем па-беларуску”. За абмежаваны час удзельнікам трэба было ў творчай манеры расказаць пра сябе, свае захапленні і здольнасці. На сцэну танцпляцоўкі (якая і стала галоўнай арэнай спаборніцтва) па чарзе падымаліся ў поўным складзе сем’і Мурашэвічаў з Ходцаўскага, Пархамчукоў з Багушэўскага, Салодкіных з Какоўчынскага, Усціновічаў з Багданаўскага, Бярозак з Машканскага, Васілеўскіх з Беліцкага, Давыдзькаў з Нямойтаўскага і Аглашэвіч са Студзёнкаўскага сельсаветаў. Канкурсанты імкнуліся пакарыць журы з дапамогай вершаў, музычных кампазіцый, сцэнічных мініяцюр. А судзілі конкурс спецыялісты раённага Савета дэпутатаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама ГА “БРСМ”.

 

 

Наступнае выпрабаванне “Па дровы” мела практычны характар і дазваляла ацаніць зладжанасць работы сямейных пар. Спачатку сужэнцы павінны былі распілаваць бервяно на тры часткі. Потым за справу браліся мужы, якія калолі дровы. У абавязкі жонак уваходзіла іх акуратна скласці. За няправільнае выкананне задання дабаўляўся штрафны час. Тым не менш хваляванне, якое было ўласціва ўдзельнікам падчас першага конкурсу, знікла, усе, без выключэння, сем’і адчувалі сябе ў прывычных вясковых клопатах як рыбы ў вадзе.

 

Для таго, каб перамагчы ў конкурсе “Святочны воз”, сямейныя тандэмы павінны былі на хуткасць запрэгчы і распрэгчы каня.

Але і на гэтым выпрабаванні не скончыліся. Паколькі стравам з бульбы на стале беларусаў, асабліва вяскоўцаў, адводзіцца вялікае месца, то не абышлося і без традыцыйнага для “Уладара сяла” конкурсу “Бульбашы”. Спчатку трэба было за кароткі час перабраць бульбу на вялікую і дробную. І толькі пасля гэтага каманды прыступалі да працэсу прыгатавання дранікаў. Журы ацэньвала не толькі смак і знешні выгляд стравы, але яшчэ акуратнасць прыгатавання і хуткасць.

 

Дэгустацыя мела працяг у хатнім заданні “Сялянскія прысмакі”, у якім гаспадары здзіўлялі журы кулінарнымі шэдэўрамі. Загадзя каманды падрыхтаваліся да конкурсу “Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі”. На ім сем’і прадставілі створаныя сваімі рукамі вырабы дэкаратыўна-мастацкай творчасці, малюнкі сваіх дзяцей, сямейныя фотавыставы, шматлікія дыпломы і граматы. Варта адзначыць, што дапамогу ў падрыхтоўцы камандам аказвалі старшыні сельвыканкамаў. Іх падтрымку сем’і адчувалі і на працягу ўсяго мерапрыемства. Тым не менш, пераможцай магла стаць толькі адна сям’я. 

Каб госці і ўдзельнікі не сумавалі, пакуль журы вызначалася з выбарам, для прысутных быў наладжаны невялікі канцэрт.

У выніку, самы галоўны прыз, бычка ад спонсара ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”, і права прадстаўляць Сенненшчыну на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла-2017”, атрымалі Аляксей і Алена Пархамчукі з вёскі Ског Багушэўскага сельсавета, у сям’і якіх падрастаюць двое дзетак — Вадзім і Валерыя. Дарэчы, гэта не першая іх перамога. Крыху раней Пархамчукі сталі пераможцамі ў раённым конкурсе “Лепшы сельскі падворак”.

Ганна КОРСАКАВА.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *