Крупкі — Езярышча — маршрут кахання

— станцыя, якая стала радзімай для чатырох пакаленняў вялікай сям”і.

Гэтай восенню Васіль Іванавіч і Алена Канстанцінаўна Якубовічы адзначылі залатое вяселле. Як 50 гадоў таму, яны прый­шлі ў ЗАГС, зноў «сталі на рушнік». У прысутнасці дзяцей і ўнукаў, сяброў і былых калег па працы прызналіся адзін аднаму ў каханні. Дарэчы, пры гэтым прысутнічала Валянціна Мікалаеўна Онухава. Зараз яна жыве ў Докшыцах, а паўвека таму была сведкай пры стварэнні новай сям’і.

 Старэйшых Якубовічаў, якія ў Сянно прыехалі ў 1960 годзе ўжо ў якасці мужа і жонкі, добра ведаюць у раёне не толькітаму, што яны займалі даволі высокія пасады. Алена Канстанцінаўна працавала ў райфінаддзеле інспектарам, галоўным эканамістам; Ва­сіль Іванавіч таксама пачынаў у фінансавым ад­дзе­ле райвыканкама, узначальваў у раёне Дзярж­страх, пазней быў прызначаны на пасаду дырэктара Сенненскага КБА, апошнія 16 гадоў працаваў начальнікам ад­дзела сацыяльнай абароны.

 Якубовічы заўжды ўважліва ставіліся да людзей, з якімі працавалі, жылі побач, нікому і ніколі не адмаўлялі ў дапамозе: добрым словам і парадай у складанай жыццёвай сітуацыі, спачуваннем, маральнай пад­трым­кай у горы. Большасць з тых, хто прыйшоў павіншаваць Васіля Іванавіча і Алену Канстанцінаўну з юбілеем, удзяч­ны ім за тое, што яны дапамагалі ў авалоданні прафесіяй, успаміналі гасцінны дом Якубовічаў, дзе не раз збіраліся разам, каб адзначыць прафесійнае свята ці яшчэ з якой нагоды.У гэтым утуль­ным доме Васіля Іванавіча і Алены Канстанцінаўны нарадзіліся і выраслі іх двое дзяцей. Яны даўно маюць уласныя сем’і, у якіх непрыкметна падраслі свае дзеці, унукі старэйшых Якубовічаў. Больш таго, ужо расце-падрастае ў Сянно чацвёртае пакаленне Якубовічаў — праўнучка Васіля Іванавіча і Алены Канстанцінаўны.

 Паўвека разам. Па чалавечых мерках — гэта вялікі шлях, адолець які Якубові­чам дапамагалі ўзаемныя павага і каханне.

 — З гадамі ўзаемныя пачуцці толькі ўмацоўваліся, — прызналіся юбіляры.

 Да кожнай пары каханне прыходзіць сваім шляхам. Бывае, яно ўспыхвае з першага погляду, а бывае — разгараецца неўпрыкметку, спакваля. Менавіта так здарылася ў Васіля і Алены.

 Яны вучыліся ў Мінскім фінансавым тэхнікуме. Жылі ў адным інтэрнаце, кантактавалі на побытавым узроўні, здаралася, бавілі разам вольны час. Пасля заканчэння навучальнай установы раз’ехаліся згодна з размеркаваннем: ён — у Крупкі, яна — у Езярышча. Працавалі ў фінаддзелах райвыканкамаў, але сувязь падтрымлівалі. Больш таго, патрэба ў кантактах узрастала з кожным днём. Пакуль аднойчы Васіль Якубовіч не зразумеў — Алена той чалавек, з якім ён змжа прайсці ўсё жыццё.

 Быў пачатак лістапада. Набліжаліся кастрычніцкія святы. Паміж Крупкамі і Езярышчам прамых транспартных зносін тады не было. І Васіль паехаў, як бы цяпер сказалі, «аўтасто­пам». На адной спадарожнай машыне даехаў да аршанскага скрыжавання, перасеў на іншую, з якой да­браў­ся да Ві­цебска. Падарожжа не азмрочваў нават халодны восеньскі дождж. Ён суправаджаў маладога чалавека да самага Езярышча, куды ён дабраўся апоўначы.

 У гасцініцы, куды Якубовіч засяліўся, не прамінулі пацікавіцца, да каго і па якой патрэбе прыехаў. Раніцай наступнага дня, пакуль падарожнік яшчэ спаў, Алена ўжо ведала — прыехаў стрыечны брат. Гэтак жа ён адрэкамендаваўся і гаспадыні хаты, дзе дзяўчына кватаравала з сяброўкай. Брат дык брат — ніхто не пярэчыў. Пакуль Васіль прайшоўся па мясцовых крамах, жанчыны накрылі на стол. З’явіўся яшчэ адзін мужчына. Хлопцы ўважліва цікавалі адзін за адным. Гаспадыня хітра ўсміхалася.

 Потым былі танцы, кіно, пасля якога сапернік прапанаваў Васілю падацца ў гасцініцу. Небарака не разумеў, што гэтыя яго захады толькі падштурхоўваюць госця да больш рашучых дзеянняў.

 Раніцай наступнага дня Васіль і Алена аб’явілі, што пойдуць падаваць заяву ў ЗАГС. Перашкодай не сталі нават выхадныя дні. Схадзілі за загадчыцай дзяржаўнай установы дамоў, растлумачылі ёй сітуацыю і тая пагадзілася зарэгістраваць іх шлюб. Сведкай з боку жаніха выступіў учарашні сапернік. Праўда, ад застолля ён адмовіўся…

 На работу ў Крупкі Васіль Якубовіч спазніўся.

 — Ужо нават праект загаду падрыхтавалі з вымовай мне. Але адмянілі, калі даведаліся пра прычыну спазнення, — з усмешкай успамінае ён.

 А яшчэ праз некаторы час Якубовічы прыехалі ў Сянно, куды іх пераразмеркавалі. Ды так і жывуць з таго часу  на зямлі, якая стала радзімай для іх саміх, дзяцей, унукаў, праўнучкі.

 Л.ІЎЕЎ.

 НА ЗДЫМКУ: юбі­ляры прымаюць віншаванні ад унукаў.