Сенненцы отметили День города (+фоторепортаж)

Сенненцы адзначылі 575-годдзе горада. Юбілейныя мерапрыемствы пачаліся на беразе возера Сенненскага, паблізу ад каплічкі, узведзенай над адной са шматлікіх крыніц, што сілкуюць яго. 

Сенна, Сена, Сеннае, Сянно… Горад спрадвеку належыў прыватным асобам, а жыццё месцічаў было звязана з вадой – мястэчка раскінулася паміж чатырма азёрамі. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя па іх ды рэчках вясной можна было трапіць у Дзвіну, Віцебск і далей на захад. Таму першая частка свята называлася “Водная феерыя”, у час якой была тэатралізавана адно з мясцовых паданняў. На стылізаваных лодках па возеры праплылі Цмок, мастак-падарожнік Напалеон Орда. Дзякуючы яму Сянно XIX стагоддзя захавалася на карцінах.

 

 

Далейшыя дзеянні свята праходзілі на цэнтральнай плошчы. Вітаючы жыхароў і гасцей горада, старшыня райвыканкама Васілій Чараднік узгадаў гістарычныя падзеі. У розныя часы горада ім валодалі розныя магнаты, ён уваходзіў у склад розных дзяржаў. У часы Расійскай імперыі праз Сянно праязджала Кацярына II. Яна ж надала гораду герб. Зведала Сянно нямала трагічных момантаў. У 1941 годзе ў ваколіцах горада адбылася адна з найбуйнейшых танкавых бітваў Вялікай Айчыннай вайны, удзел у якой прымалі каля 2000 машын. Сямёра ўраджэнцаў Сенненшчыны сталі Героямі Савецкага Саюза, у тым ліку Пётр Машэраў. Сенненшчына ўзгадавала Матруну Маркевіч, вышыўка якой лягла ў аснову арнамента на дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь.

    

За апошнія гады ў раёне нямала зроблена, каб горад набыў знешнюю прывабнасць, еўрапейскасць, як адзначылі расійскія госці, стаў больш камфортным для жыцця, працы, адпачынку. Кардынальныя змены адбыліся зусім нядаўна — у час падрыхтоўкі райцэнтра да абласных “Дажынак” мінулага года. Добраўпарадкаванне горада працягваецца, у тым ліку вядзецца рэканструкцыя цэнтральнай раённай бальніцы.

На свяце было шмат гасцей: вядомыя землякі, прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў, з якімі наш раён звязваюць пабрацімскія і дзелавыя сувязі. Непасрэдна ў Дзень горада быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Сенненшчынай і Порхаўскім раёнам Пскоўскай вобласці. Ужо дзейнічаюць падобныя пагадненні з Пяшчанакопскім раёнам Растоўскай вобласці і Пачынкаўскім раёнам Смаленскай.

 

Сянно ператварылася ў суцэльную дэманстарцыйную пляцоўку, на якой ладзіліся афіцыйныя і неафіцыйныя мерапрыемствы, кожны жадаючы мог прадэманстраваць свае таленты. Было дзе паказаць сябе не толькі мясцовым артыстам. Сенненцы атрымалі асалоду ад выступлення  прафесійных калектываў, у тым ліку Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, духавога аркестра Пагранічных войскаў. Працавалі тэматычныя пляцоўкі: фотапраект “Сянно: мінулае і сапраўднае”, выстаўка літаратуры аб Сенненшчыне. Усе жадаючыя маглі прызнацца ў любові да роднага краю. Па плошчы ў  святочных калонах прайшлі супрацоўнікі РАНС і міліцыянеры, піянеры, спартсмены, калона барабаншчыкаў…   

Паглядзець на святочны горад можна было і з вышыні птушынага палёту. Над горадам увесь дзень здзяйсняў палёты верталёт Віцебскага аэраклуба. Многія чакалі вечара, каб паназіраць за святочным феерверкам, паглядзець відэафільм “Бітва пад Сянном” кінематаграфістаў з Санкт-Пецярбурга. Фактычна ў той дзень горад ператаварыўся ў  суцэльную святочную пляцоўку.

 

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.