Сенно — 575: Первое упоминание Сенно в летописях, кем гордится Сенненщина, и как изменился райцентр за последние годы

Дзень свайго горада сенненцы адзначаюць не ўпершыню. Мерапрыемствы з гэтай нагоды звычайна праходзілі ў рамках святкавання Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў сувязі з 575-годдзем Сянна Дзень горада вырашана правесці ў апошнюю суботу жніўня. Дата ўзята адвольна. Аб часе заснавання горада невядома. Першае ўпамінанне пра Сянно прыходзіцца на 1442 год: “На рше ў Абольцех село Сена Мілошу Воішловічу отдано”. У іншых пісьмовых крыніцах можна знайсці іншыя назвы: Сеннае, Сенна…

Адно безумоўна, наш населены пункт мае больш старажытнае паходжанне. Ускосна пра гэта сведчаць гарадскія тапонімы: слабада – пасяленне рамеснікаў, свабодных людзей, што ўзнікала вакол умацаванага, часцей, княжыцкага пасада; Турава – адно са значэнняў слова тур – “умацаванне”. Вядома пра князёў Сенскіх. Праз Сянно ў старажытныя часы праходзіў шлях, які злучаў такія цэнтры, як Ноўгарад, Полацк, Кіеў.

На працягу сваёй гісторыі Сянном валодалі пераважна прыватныя асобы: Курчы, Сапегі, Агінскія, якія былі буйнымі землеўласнікамі, вядомымі магнатамі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Марцін Курч, напрыклад, з’яўляўся старастам (кіраўніком) Феліна, горада, які зараз мае назву Вільяндзі і знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Эстоніі.

Вядома, што ў Сянне быў замак. Ён знаходзіўся прыблізна на тым месцы, дзе зараз стаіць будынак фізкультурна-спартыўнага комплексу, узвышаючыся над самым возерам. З іншых бакоў быў абаронены ірвамі, рэшткі якіх захаваліся да нашага часу. А вось узвышша знікла ў XX стагоддзі. Яго зямлю выкарысталі, каб скараціць, зрабіць больш палогай дарогу на Касцёльную гару. А да гэтага ў цэнтр сучаснага Сянна можна было трапіць праз “кручок” – паўз возера, праз Балонню  да касцёла.

Мяркуецца, што замак знішчылі шведы ў руска-шведскую вайну, у час якой Рэч Паспалітая выступала на баку Расіі. Праўда асобныя магнаты падтрымлівалі шведаў.

Хто ўзвёў замак? Безумоўна, у яго будаўніцтве ўдзел прымала мясцовае насельніцтва. На яго ўскладваліся абавязкі па падтрымцы абарончай здольнасці ўмацаванага збудавання. Хто фундаваў будаўніцтва? Невядома. Магчыма князь ці кароль, магчыма Сапегі. Яны адзін час валодалі не толькі Сянном, але, напрыклад, і Алексінічамі, іншымі вёскамі і землямі.

У больш позні час галоўнай адметнасцю Сянна стаў касцёл. Драўляны, узведзены яшчэ Яўстафіем Курчам, ён праіснаваў амаль да канца XVIII стагоддзя. Каменны ўзвялі Агінскія. Па іх хадайніцтве ў 1772 годзе сюды з Рыма перанеслі мошчы святога Фартуната. Пры касцёле існаваў кляштар францысканцаў, працавала першая ў Сянне школа.

Касцёл шчасліва перажыў ліхалецці сацыяльных узрушэнняў, у тым ліку рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну. Апошнім ксяндзом, які ў ім служыў, быў Аляксандр Астрамовіч, вядомы як клерыкальны паэт Андрэй Зязюля. Ён пісаў вершы, вёў казанні ў касцёле па-беларуску. За што яго часта пераводзілі з аднаго месца службы ў іншае. Аляксандр Астрамовіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у сходзе, які заснаваў Беларускую Народную Рэспубліку. У ліку прыярытэтаў для ксяндза-патрыёта стаў клопат пра адкрыццё беларускіх школ. Вядома, што Аляксандр Астрамовіч памёр у Сянне. Па адной з версій ён пахаваны на Сенненскіх могілках.

Касцёл разбурылі ў пачатку 70-ых. Калі будынак не змаглі знішчыць з дапамогай тагачаснай тэхнікі, яго ўзарвалі.

Лёсавызначальныя падзеі для гісторыі ўсёй краіны ў Сянне адбываліся ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. У лістападзе 1917 года ўлада ў горадзе і павеце перайшла да Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Па партыйнай прыналежнасці перавага ў ім належала эсэрам, якія ў лютым 1918 года з дапамогай салдат двух палкоў, што кватэравалі ў Сянне, паспрабавалі парушыць мір з Германіяй, заключаны ў Брэсце бальшавікамі. Адным з кіраўнікоў выступлення стаў будучы першы нарком земляробства БССР Дзмітрый Прышчэпаў. Пазней ён быў рэпрэсіраваны, бо актыўна выступаў за стварэнне ў Беларусі хутароў, што ішло ўразрэз з палітыкай на калектывізацыю.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Сенненшчына стала арэнай жорсткіх баёў, у якіх з абодвух бакоў выкарыстоўваліся буйныя танкавыя злучэнні. Савецкае камандаванне правяло “Лепельскі контрудар”. Танкавая бітва пад Сянном стала адной з найбуйнейшых за ўсю вайну. Горад некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі варагуючых бакоў. Акружэнцы, параненыя савецкія салдаты, якіх ахвяруючы жыццём лячылі медыкі сенненскай бальніцы, склалі аснову партызанскіх атрадаў і брыгад, сталі іх камандзірамі: Васіль Лявонаў, Васіль Захарчанка, Аляксандр Клячын, Хаіркізаў, Каракетаў… Гэта далёка не поўны пералік тых, хто змагаўся ў тыле ворага. Імёны самых адважных, у тым ліку нашых землякоў, сёння можна прачытаць на алеі Славы ў гарадскім скверы.

Аб дасягненнях Сенненшчыны пасляваеннай, аб самаадданай працы сенненцаў сведчаць такія факты: 6 жыхароў раёна сталі Героямі сацыялістычнай працы, 21 — узнагароджаны ордэнам Леніна, званне Заслужаны работнік Беларусі атрымалі 39 чалавек. Сенненшчына ганарыцца сваімі землякамі. Сярод іх дзяржаўныя дзеячы Пётр Машэраў і Пётр Абрасімаў, вядомыя вучоныя ў розных галінах (Ларыса Кажарская, Міхаіл Кацар, Пётр Кісялёў), дзеячы мастацтваў, паэты (Алесь Жаўрук, Анатоль Вялюгін, Заір Азгур, Зінаіда Канапелька), ваеначальнікі і спартсмены. Штангіст Віктар Куранцоў, ураджэнец вёскі Тухінка, у 1968 годзе стаў пераможцам Алімпіяды ў Мехіка, быў сярэбраным прызёрам на папярэдняй, што праходзіла ў Токіа.  У навейшай гісторыі самыя высокія дасягненні сенненцаў-спартсменаў звязаны з біятлонам і грэка-рымскай барацьбой. Пятра Івашку, які не раз станавіўся пераможцай сусветнага першынства па біятлоне, у беларускай камандзе называлі шчаслівым талісманам. Зараз паспяхова выступаюць у складзе нацыянальных сборных Рэспублікі Беларусь Ірына і Віктар Крыўко, Максім Кажарскі.

Сянно папрыгажэла, набыло прывабнасць за час падрыхтоўкі яго да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2016”. Асабліва буйныя інвестыцыі зроблены ў сацыяльную сферу: школы, дзіцячыя сады, бальніцу, жыллё.

Наш горад стаў месцам правядзення розных семінараў, мерапрыемстваў. У горадзе не сорамна сустракаць гасцей. Вось і на юбілеі горада будуць не толькі старыя знаёмыя. Мяркуецца, што кіраўніцтва раёна падпіша пратакол аб узаемным супрацоўніцтве з адміністрацыяй Порхаўскага раёна Пскоўскай вобласці.

Жыццё працягваецца. Курс на добраўпарадкаванне горада і ўсяго рэгіёна, на развіццё вытворчай сферы абазначаны некалькі гадоў таму раённай уладай, застаецца нязменным. Не адзін аб’ект з’явіўся з пачатку гэтага года, у перыяд падрыхтоўкі да Дня горада. Працягваецца будаўніцтва новых малочнатаварных ферм, іншых памяшканняў для ўтрымання жывёлы ў саўгасе імя Машэрава, УП “Дружбінец”, ААТ “Белая ліпа”, “Студзенка”, іншых сельгасарганізацыях. Сеннешчына – тое месца, дзе можна дастойна,  камфортна жыць, з задавальненнем працаваць.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.