Суровая зіма ў Еўропе — газетная качка

Яшчэ ў другой палове верасня вядомыя інфармагенцтвы распаўсюджвалі сенсацыйную навіну пра тое, што быццам бы польскія метэаролагі падрыхтавалі даволі смелы прагноз аб самай суровай за апошняе тысячагоддзе сёлетняй зіме ў Еўропе. Гэты прагноз тлумачыўся згасаннем Гальфстрыма —  цёплага цячэння Атлантычнага акіяна. Нібыта гэта цячэнне ўжо не будзе паспяваць кампенсаваць холад арктычнага паходжання, што выклікае кліматычную катастрофу ў Еўропе, дзе пачнецца ледавіковы перыяд… З першымі маразамі асобныя інтэрнэт-сайты зноў пачалі пужаць нас анамальнымі тэмпературамі да мінус 40-50 градусаў.

 Ці сапраўды пасля анамальна спякотнага лета нам прыйдзецца добра памерзнуць? Начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў паведаміў, што насамрэч такіх смелых прагнозаў на зіму метэаролагі не рабілі. Пасля з’яўлення ў СМІ  гэтай сенсацыйнай навіны беларускія сіноптыкі вырашылі ўдакладніць інфармацыю ў польскіх калег. На што польскі бок адказаў афіцыйным абвяржэннем. Увогуле, польскія кліматолагі ніколі не рабілі такіх доўгатэрміновых прагнозаў. У сваю чаргу сусветная метэаралагічная арганізацыя паведаміла, што падобныя прагнозы не маюць ніякіх навуковых абгрунтаванняў і не могуць успрымацца сур’ёзна. Пра тое, якая будзе сапраўды зіма сёлета, спецыялісты паведамляюць вельмі асцярожна. Справа ў тым, што прагноз на месяц адпавядае рэальнаму надвор’ю толькі ў межах 70%, а апраўдвальнасць сезонных прагнозаў бывае і  ўвогуле не больш за 60-65%.

 Згодна з доўгатэрміновым прагнозам расійскіх кліматолагаў, гэта зіма ў нашай краіне па тэмпературных паказчыках будзе блізкай да кліматычнай нормы. Сярэднямесячная тэмпература снежня і студзе­ня чакаецца ў межах каля нормы, а вось люты можа стаць на 0,5 градуса халаднейшым. Дзмітрый Рабаў адзначыў, што ў апошнія гады зіма ў Беларусі мае даволі няўстойлівы характар. Халодныя перыяды могуць перарывацца адлігамі. На працягу каля трох тыдняў чакаюцца гэтай зімой маразы да мінус 20 градусаў. Недзе на працягу тыдня маразы могуць трымацца і на ўзроўні мінус 30-35, а ў асобных месцах уначы нават халадней.

 Што датычыцца цёплага Гальфстрыма, то амерыканскія навукоўцы падлічылі, што цячэнне гэтае, наадварот, стала ў апошнія гады недзе на 0,1-0,5 градуса цяплейшым. Калі такая тэндэнцыя працягнецца і надалей, суровыя зімы ў Еўропе могуць увогуле знікнуць…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *