Земляробы ААТ «Бяленева» і «Літусава» ў пачатку ўборачнай кампаніі дэманструюць недастаткова высокія тэмпы

 

      — Абмалот збожжа ў сельгасарганізацыях вя¬дзецца выбарачна. На большасці палёў зерне яшчэ не паспела, — расказвае Антаніна Сунцеева, намеснік начальніка райсельгасхарча. Пры гэтым яна не хавае — былі праблемы і з падрыхтоўкай камбайнаў, што тлумачыцца складанай фінансавай сітуацыяй.
    Як яна адбілася на іншых аспектах жніва, высвятлялі члены мабільнай групы райвыканкама. На парадку дня яе работы — захаванне бяспечных умоў працы, правілаў супрацьпажарнай бяспекі, стварэння належных бытавых умоў для ўдзельнікаў жніва.
   На двары майстэрні ААТ «Бяленева» механізатараў амаль няма. Большасць іх занята ў полі і на таку. Пад прыглядам загадчыка майстэрні Міхаіла Беразнева да выхаду ў поле рыхтаваліся апошнія два камбайны. Ад надзённых праблем усё ж прыйшлося адарвацца. Кожны з членаў мабільнай групы вывучае свае пытанні. Андрэй Рогаў, начальнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС, работу пачынае з азнаямлення з дакументацыяй, правярае наяўнасць сродкаў пажаратушэння на сельгастэхніцы, што знаходзіцца на машынным двары. Прэтэнзій няма.
    — На адным з камбайнаў замест двух агнетушыцеляў у наяўнасці адзін. Але ён па аб’ёме адпавядае нарматыву.
Не засталіся незаўважанымі хібы: многія пажарныя шчыты разукамплектаваны, нават, на заправачнай станцыі.
Знаёмства з сітуацыяй у ААТ «Літусава» пачалося на полі, дзе камбайны вялі абмалот цімафееўкі. Вопытны позірк Андрэя Рогава адразу засведчыў — ля іх няма пажарнай машыны. А яна павінна быць, гэта патрабаванне, якое не абмяркоўваецца. З пачатку ўборачных работ на палетках у Беларусі згарэла 11 зернеўборачных машын, коштам каля 2,5 млрд рублёў кожная.
     Як высветлілася, дагавор з РАНС на дапамогу заключаны. Ёсць пажарная машына і ў гаспадарцы, але, каб яна выйшла ў поле, патрэбны акумулятар. Можна выкарыстаць альтэрнатыўны сродак пажаратушэння, напрыклад, трактар з бочкай, малакавоз. Галоўнае, каб пры неабходнасці вада падавалася пад ціскам.
Аляксандр Досаў, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама,          Юлія Паўлоўская, намеснік галоўнага ўрача РЦГЭ, таксама не сядзелі без справы. У сталовай ААТ «Літусава» штодня рыхтуецца больш за 100 абедаў і вячэр. І не толькі для ўдзельнікаў жніва. Як расказала Юлія Паўлоўская, на гэтым аб’екце медыкі былі ўжо неаднаразова.
    — Экіпажы зернеўборачных камбайнаў абедзвюх сельгасарганізацый забяспечаны ў неабходным аб’ёме пітной вадой, медыцынскімі аптэчкамі, амаль на ўсіх машынах працуюць кандыцыянеры. Прэтэнзій ў людзей да бытавых умоў няма.


     Аляксандр Досаў звярнуў увагу не толькі на профільныя пытанні, але і на інфармацыйны экран, што размешчаны ў памяшканні дыспетчарскай службы ААТ «Літусава».      Вынікі працы камбайнераў за папярэдні дзень былі занесены на яго раніцай. Камбайнеры ведаюць умовы аплаты працы, задаволены бытавымі ўмовамі.
    З Літусава мабільная група вярталася паўз поля, дзе працавалі камбайны акцыянернага таварыства. Ля іх знаходзіўся малакавоз.

Аляксандр ЛАЗЮК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *