Героическая станция «Бурбин»

     6 жніўня вялікая армія работнікаў чыгуначнага транспарту краіны адзначала сваё прафесійнае свята. Яго разам з іншымі чыгуначнікамі Беларусі адзначаў і невялікі калектыў станцыі Бурбін, праз якую праходзяць адзін прыгарадны і адзін грузавы цягнік.
З БЕЛАРУСКАЙ ВІКІПЕДЫІ.
Бурбін — станцыя Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў вёсцы Старая Беліца, за 2,4 км на захад ад вёскі Бурбін, на лініі Орша-Цэнтральная — Лепель, паміж прыпыначнымі пунктамі Ціміразева і Мянюцева.

Даведка ад галоўнага захавальніка фондаў Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Браніславы Жалтабрухавай.
    У час Вялікай Айчыннай вайны ў раёне станцыі дзейнічала падпольная партыйна-камсамольская група пад кіраўніцтвам Фёдара Аўдзеева. У склад группы ўваходзілі ў асноўным маладыя хлопцы: Аляксандр Абушкевіч, Анатоль Царыкаў, Міхаіл Шумкоў, Яўгеній Малчанаў і іншыя, а таксама больш сталыя падпольшчыкі: Валашынскі, Пашкоўскі, Нікіцін. У 1942 годзе Фёдар Аўдзееў быў схоплены фашыстамі і расстраляны. У 2006-ым, у дзень 88-й гадавіны камсамола, на станцыі Бурбін адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць аб кіраўніку-падпольшчыку.
    У кожнага з членаў дружнага калектыву станцыі, які складаецца з начальніка, двух дзяжурных, электрамеханіка и прыёмаздатчыка грузаў быў свой шлях да прафесіі чыгуначніка. Але ніхто з іх не шкадуе аб сваім выбары, усіх аб’ядноўвае адданасць справе, пачуццё гордасці за сваю прафесію, асвоіць якую можа не кожны, а толькі чалавек адказны, уважлівы, пільны, да таго ж камунікабельны, стрэсаўстойлівы, добразычлівы.
 

    Начальнік станцыі Жанна Паляшкевіч працуе тут дваццаць гадоў. Гэта яе адзінае месца работы па спецыяльнасці. Але так у жыцці здарылася, што прыйшла ў прафесію не адразу. Адразу пасля заканчэння Аршанскага чыгуначнага тэхнікума працавала ў сістэме гандлю.
— Чыгуначнікам стала выпадкова. Паступала ў медыцынскае вучылішча, не прайшла па конкурсе. Вырашыла: пайду ў чыгуначны тэхнікум. Пасля вучобы, знаёмства з прафесіяй, зразумела, што хачу паспрабаваць сябе менавіта ў гэтай сферы… Стаяла за прылаўкам, а цягнула на чыгунку, — успамінае Жанна Міхайлаўна.
Нарэшце мара збылася. Працяглы час працавала дзяжурнай па станцыі. Летась вопытную работніцу прызначылі начальнікам чыгуначнага аб’екта.
     — Спачатку было страшнавата — адказнасць трэба несці не толькі за выкананне сваіх абавязкаў, але і за работу падначаленых, — прызнаецца кіраўнік.
    Хваляванні жанчыны не былі беспадстаўныя. Работа начальніка станцыі чымсьці падобная на работу ўрача-рэаніматолага: трэба адказваць за жыцці людзей, заўсёды, і ў будні, і ў выхадныя, быць напагатове, умець у выпадку крытычнай сітуацыі хутка прымаць правільныя рашэнні.


     У час нашага наведвання на пасту дзяжурнага па аб’екце быў Аляксей Семянькоў.
     — Мая пасада называецца зменны дзяжурны. На станцыях чыгуначнага ўчастка падмяняю пастаянных работнікаў на час водпускаў. Акрамя Бурбіна, працую на станцыях Смальяны, Лемніца, Хлусава, Чэрвіна і іншых, — расказвае Аляксей Яўгеньевіч.
     У Аршанскі чыгуначны тэхнікум малады чалавек прыйшоў не выпадкова. Бацька працаваў у лакаматыўным дэпо слесарам-электрыкам, і сын не па чутках ведаў пра работу на чыгунцы.
    Дзяжурны з’яўляецца другой асобай на станцыі, зменным памочнікам начальніка. Ён асабіста распараджаецца прыёмам, адпраўленнем і пропускам цягнікоў, маняўровым рухам у межах вызначанай тэрыторыі.
     — Усе свае веды і вопыт дзяжурны павінен накіроўваць на тое, каб забяспечыць захаванне графіка і бяспекі руху — галоўнага закону чыгуначнага транспарту, — працягвае знаёміць са сваімі службовымі абавязкамі работнік станцыі.


   Сустрэліся мы ў гэты дзень і з электрамеханікам Валерыем Александровічам. Сваю адданасць чыгунцы ён выказаў, можна сказаць, удвайне.
    — У свой час на чыгунцы адбыўся такі непрыемны выпадак. Па віне электрамеханіка адной са станцый быў затрыманы рух цягніка Масква — Прага. Іншаземныя пасажыры вымушаны былі лішнюю гадзіну правесці ў вагонах. Пасля гэтага быў выдадзены загад міністэрства, каб электрамеханікі абавязкова набылі вузкаспецыяльную адукацыю ў профільных навучальных установах. Я ж, як і многія мае калегі ў той час, меў спецыяльнасць электраманцёра прамысловай вытворчасці. Прыйшлося скончыць яшчэ адну навучальную ўстанову.
     Рыхтуецца ў калектыве і кадравы рэзерв. Вольга Салаўёва, якая працуе дзяжурным па станцыі, вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
    Прафесію чыгуначніка не кідаюць, упэўнены работнікі станцыі Бурбін.

Таццяна БУРАКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *