Когда излишки не лишние. Как и где сенненцы могут продавать излишки урожая со своих подворий?
Жнівень — час збору ўраджаю, набірае абароты і ягадна-грыбны сезон. Пытанне, куды падзець лішкі плодаагародніннай і дзікарослай прадукцыі, штогод паўстае перад сенненцамі. Шмат хто з жыхароў раёна, асабліва пенсіянеры, не супраць прадаць вырашчанае на прысядзібных участках і сабранае ў лясах, каб падзарабіць. Але як гэта зрабіць па законе?
— Каб гандляваць на гарадскім рынку, спатрэбіцца даведка, што сведчыць аб якасці тавару, — кажа намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства па нарыхтоўках Віктар Печанькоў.
Экспертызу прадукцыі гатовы зрабіць у лабараторыі райспажыўтаварыства. Акрамя таго, можна звярнуцца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і раённую ветстанцыю. У першым прадукцыю правераць на адпаведнасць мікрабіялагічным і паразіталагічным паказчыкам, а спецыялісты другой установы вызначаць узровень утрымання нітратаў, нітрытаў і наяўнасць радыёнуклідаў.
Калі тавар паспяхова прайшоў праверку, райспажыўтаварыства выдзяляе месца для гандлю. За яго, праўда, прыйдзецца заплаціць, але плата, запэўнівае Віктар Генрыхавіч, невялікая.
Раней неабходна было прадастаўляць таксама даведку аб тым, што зямельны ўчастак, на якім вырашчана сельгаспрадукцыя, сапраўды належыць прадаўцу. Сёння яна ужо не патрэбна, заўважыў Віктар Печанькоў. Выключэнне складае прадукцыя жывёлагадоўлі — тут дакумент аб наяўнасці падсобнай гаспадаркі абавязковы для прад’яўлення.
Многія аддаюць перавагу гандлю за межамі тэрыторыі гарадскога рынку. Для такіх асоб ля ўваходу з боку прывакзальнай плошчы нават уладкаваны прылаўкі пад дахам. Плата ў гэтым выпадку не спаганяецца, і даведак адміністрацыя райспажыўтаварыства, вядома, не запатрабуе. Але яна не нясе адказнасці за якасць набытай прадукцыі. Каб засцерагчы сябе і сваіх блізкіх, спецыялісты райспажыўтаварыства раяць пакупнікам усё ж такі патрабаваць у прадаўца дакументы, што пацвярджаюць якасць тавару.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Што можна прадаваць?
Грамадзяне могуць рэалізаваць прадукцыю кветкаводства, дэкаратыўныя расліны, іх насенне і расаду, лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхi, iншую дзікарослую прадукцыю, прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі, вырашчаную ў асабістай падсобнай гаспадарцы.
Дзе прадаваць?
На гандлёвых месцах на рынках і (або) у іншых устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах. Нагадаем, у нашым раёне месцы для фізічных асоб, якія гандлююць сельскагаспадарчай прадукцыяй, вылучаны толькі ў Сянне — на пляцоўцы каля цэнтральнага ўваходу гарадскога рынку па вуліцы Кастрычніцкая.
Забаронена гандляваць уздоўж аўтатрас і ў не ўстаноўленых для гэтага месцах. Згодна з пп.8 арт.12.17 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях рэалізацыя тавараў з рук, латкоў, калясак, аўтамабіляў, а таксама з выкарыстаннем іншых прыстасаванняў, у месцах, забароненых заканадаўствам, цягне накладанне штрафу ў памеры да 3 базавых велічынь.