Сенненцев принял депутат Палаты представителей Анатолий Лукашов

Чарговы прыём жыхароў раёна правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Лукашоў. Разам з ім сенненцаў выслухаў Васілій Чараднік, старшыня райвыканкама. Падзяліцца набалелым, атрымаць падтрымку і дапамогу ад народнага выбранніка прыйшлі выключна сенненцы, пераважна жанчыны.

Адна з іх, работніца КУПБА «Прэстыж», якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў, выказала прэтэнзіі да арганізацыі ў сувязі з тым, што сацыяльную дапамогу на дзіця ёй выплачваюць часткамі.

         — Парушэнняў тэр­міну няма? — удакладніў Анатолій Лукашоў. Пачуўшы станоўчы адказ, па­прасіў, звяртаючыся да кіраўніка раёна: «Васілій Анатольевіч, дырэктару арганізацыі трэба пастарацца, каб задаволіць просьбу мамы».

         Аптымізацыя персаналу апошнім часам адбываецца фактычна на ўсіх прадпрыемствах, у кожнай арганізацыі. У той жа час Дэкрэт Прэзідэнта № 3 абавязвае кіраўнікоў устаноў вельмі ўважліва ста­віцца да людзей, дапамагаць ім знайсці сваё месца на рынку працы. А ён у раёне ёсць.

         Дзве работніцы РУП ЖКГ, якія пакуль што заняты ў якасці апаратчыкаў кацельні, але ўжо атрымалі паведамленне аб скасаванні з імі працоўных адносін, за дапамогай у працаўладкаванні прыйш­лі да дэпутата, за якога аддалі свае галасы ў час выбараў. І без увагі іх праблему не пакінулі. Тут жа паступілі прапановы па працаўладкаванні ў тым жа РУП ЖКГ, якія, праўда, не былі прыняты. Не задавальняюць сенненак праца і ў камбінаце бытавога абслугоўвання, магчымасць прайсці перападрыхтоўку па спецыяльнасцях, што прапануе цэнтр занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Такая рэакцыя міжволі выклікае пытанне, а дзе б хацелі яны працаваць і кім? Ці адпавядаюць іх адукацыя, прафесійныя якасці запатрабаванням?

         І ўсё ж прадстаўнікі ўлады не пакінуць спробы прыйсці да кампрамісу  і знайсці работу для сенненак.

         У чарговы раз на пры­ёме ў дэпутата прагучалі прэтэнзіі да якасці паслуг РУП ЖКГ. У прыватнасці, сямейная пара, якая, відаць, вядзе пастаянны маніторынг тэмпературы гарачай вады, засведчыла:  8 і 9 ліпеня, у некаторыя іншыя дні вада не адпавядала ўстаноўленым нарматывам. Сужэнцаў таксама турбуе вялікая колькасць хатняй жывёлы на вуліцах горада і іншых населеных пунктаў раёна. Ёсць прэтэнзіі да культуры зносін дыспетчараў ЖКГ. Як высветлілася, перабоі з падачай гарачай вады мелі месца ў сувязі з рамонтам кацельні, а праблема з утрыманнем сабак, кошак хоць і не такая простая, як здаецца на першы погляд, усё ж паступова вырашаецца. У раёне пастаянна праводзіцца адлоў бадзяжных жывёл, у Сянне вядуцца работы па стварэнні пляцоўкі для выгулу. Невытлумачальнымі падаюцца нараканні на работу дыспетчарскай службы. А таму Анатолій Лукашоў папрасіў падрыхтаваць ад яго імя пісьмо на адрас кіраўніцтва РУП ЖКГ, каб абазначыць узнятыя на прыёме грамадзян праблемы, узяць іх выкананне на кантроль. Кантроль будзе здзяйсняцца і з боку выканаўчай улады, што надае  ўпэўненасці ў аператыўным ўхіленні праблемы.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.