Как рукодельницы аг.Богданово организовали женский клуб и учат мастерству местных школьников

 

   Багданаўскі клуб і бібліятэка — цэнтр культурна-масавага жыцця аграгарадка. Шматлікія канцэртныя праграмы, дыскатэкі і гурткі — самыя распаўсюджаныя формы работы ўстаноў. А яшчэ іх супрацоўнікі актыўна прапагандуюць і займаюцца самі рукадзеллем.
     Наталля Сухвал авалодала тэхнікай вязання даўно. Але менавіта тры гады назад, калі жанчына стала загадчыцай клуба, вязанне кручком перарасло ў хобі. У нейкай ступені гэтаму пасадзейнічала стварэнне аматарскага аб’яднання пры клубе «Сустрэча». Разам з іншымі ўдзельніцамі, Наталля Анатольеўна не толькі ладзіць святочныя праграмы, абменьваецца жыццёвым вопытам, але яшчэ ўдасканальвае свае рукадзельныя навыкі. Продкі майстрыхі, маці і бабуля, у свой час аддавалі перавагу вышыўцы. Яна не спяшаецца мяняць кручок і пражу на пяльцы з ніткамі.
     А вось другой удзельніцы жаночага клуба і загадчыцы мясцовай бібліятэкі Вользе Кацар якраз-такі даспадобы менавіта працэс вышывання.
— Па сутнасці, гэта тое ж самае размалёўванне, толькі ніткамі, — дзеліцца Вольга Юр’еўна. Такая аналогія мае тлумачэнне — жанчына ў дзяцінстве любі¬ла маляваць. Зараз жа на сценах яе дома замест малюнкаў вісіць калекцыя вышытых крыжыкам карцін, у асноўным з выявамі снегіроў.
— З недахопамі, трэба было крыху таўсцей рабіць шывок, — не без крытыкі каментуе сваю самую першую вышыўку з чырвонагрудымі птушкамі Вольга Юр’еўна.
     Цікава, што жаданне асвоіць гэты від рукадзелля жанчына пераняла ад дачкі, тады яшчэ школьніцы, якая з-за недахопу вольнага часу развіталася са сваім захапленнем. Вольга Юр’еўна наадварот імкнецца кожны дзень выкройваць хоць некалькі хвілін на любімы занятак. А на гэтым тыдні яна правяла майстар-клас па вышыўцы для школьнікаў. Такое мерапрыемства прайшло ў Багданаўскім клубе ўпершыню, а вось персанальныя выставы работ мясцовых майстроў ладзяцца перыядычна.
Цікавасць выклікаюць і тканыя ручнікі, аздобленыя вышыўкай, што захоўваюцца ва ўстанове. Праўда, знайсці добры «экспанат» бывае даволі складана, бо месцічы неахвотна развітваюцца з такой каштоўнай маёмасцю. Але ўсё ж такі арсенал Багданаўскага клуба пакрысе папаўняецца. Хочацца верыць, што ў яго патрапіць яшчэ не адзін самабытны ручнік.
Ганна КОРСАКАВА.
НА ФОТА: Вольга Кацар і Наталля Сухвал.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *