В д. Массоры Сенненского района построят современную МТФ

У СУП “Саўгас імя Машэрава”, а менавіта ў вёсцы Масоры, вядзецца будаўніцтва новай малочна-таварнай фермы на 600 галоў. Да канца сёлетняга года мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю адзін кароўнік на 200 галоў, даільную залу.

 Графік вытворчых работ вельмі напружаны. Таму ход будаўніцтва жорстка кантралюецца дырэктарам саўгаса Сяргеем Ліцягай, старшынёй райвыканкама Васіліем Чарадніком. З іх удзелам на мінулым тыдні праведзена чарговая вытворчая нарада. У пачатку жніўня павінен пачацца мантаж тэхналагічнага абсталявання малочнага блока.

 — Першапачатковы ўзнос за абсталяванне ад лепшых вытворцаў, якое адпавядае самым высокім сучасным патрабаванням, зроблены, — падкрэслівае Васілій Кавалёў, намеснік дырэктара па вытворчай дзейнасці. Менавіта на яго ўскладзена персанальная адказнасць за будаўніцтва вытворчага аб’екта. Менавіта ён штодня кантактуе з будаўнікамі. А на аб’екце працуе некалькі арганізацый. Трэст № 9 з Віцебска заняты на кароўніку і цэху раздою, Ціраспальскае ПМК пракладвае каналізацыю, водаправод, забяспечвае падачу электраэнергіі і мантаж электраўстановак. Найбольш напружаны графік работ у “Камеі”, прыватнага ўнітарнага транспартна-будаўнічага прадпрыемства з абласнога цэнтра, рабочыя якога вядуць работы на даільнай зале.

 — Узаемаразуменне ёсць з усімі будаўнічымі арганізацыямі. Рабочыя “Камеі”, напрыклад, працуюць амаль штодня па-за ўстаноўленага заканадаўствам рабочага часу, у выхадныя дні, — расказвае Васілій Кавалёў.

 Будаўніцтва вядзецца на ўласныя сродкі сельгаспрадпрыемства. Тым не менш грошы на разліковыя рахункі будаўнікоў за выкананыя аб’ёмы работ паступаюць рэгулярна, што і стымулюе актыўнасць работ на аб’ектах. Спрыяе будаўніцтву рытмічная пастаўка неабходных матэрыялаў, за што адказнасць на сябе таксама ўзяла сельгасарганізацыя. Здабываць іх даводзіцца па ўсім раёне, нават вобласці, бо ў ход ідуць цэгла, шыфер, абліцовачная плітка, іншыя будматэрыялы, што былі некалі набыты сельгасарганізацыямі за кошт дзяржаўных субсідый на ўзвядзенне новых жывёлаводчых ферм. Ды вось далёка не ўсе змаглі іх выкарыстаць. Большасць кіраўнікоў сельгасарганізацый адмовіліся ад прапанаваных дзяржавай магчымасцей, спасылаючыся на фінансавыя цяжкасці.

 — Ёсць яны ў саўгасе імя Машэрава, — не хавае Сяргей Ліцяга.  — Тым не менш, калі думаць пра заўтрашні дзень, людзей, якія працуюць на фермах з ручным даеннем, раздачай кармоў, экалогію (некаторыя нашы фермы стаяць на берагах вадаёмаў), будаваць трэба. Новыя фермы — гэта сучасны ўзровень  тэхналогій, канкурэнтаздольнасці на рынку. Так што па сутнасці нашы інвестыцыі — гэта ўкладанне ў будучыню.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКУ: так сёння выглядае будаўнічы аб’ект у вёсцы Масоры.

Фота аўтара.