У аблвыканкам сталі пісаць менш, а ў Адміністрацыю Прэзідэнта — больш.

У рабоце са зваротамі грамадзян раённы выканаўчы камітэт кіруецца рознымі дакументамі і прававымі актамі Рэспублікі Беларусь. У першую чаргу — гэта дэкрэт «Аб удасканаленні работы з насельніцтвам», дырэктыва № 2 «Аб мерах па далейшай  дэбюракратызацыі дзяржапарата», указ №498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», — расказвае Людміла Мікалаеўна Макоўская, загадчыца сектара «адно акно» райвыканкама.  —  Работа пастаянна ўдасканальваецца і знаходзіцца пад кантролем адпаведных пасадавых асоб, у тым ліку не выпадае з поля зроку старшыні райвыканкама Эдуарда Мікалаевіча Герасіменкі.

 Таму колькасць зваротаў няўхільна скарачаецца. Калі ў 2005 годзе іх было 984, то за мінулы год  —  419. За дзевяць месяцаў гэтага года ва ўсе інстанцыі паступіў 351 зварот, на 20,2% больш, чым летась. Рост абумоўлены тым, што даволі шмат зваротаў па-ранейшаму носяць сезонны характар. Зіма была даволі суровай, а службы жылкамунгаса не заўсёды гатовы працаваць нармальна ў анамальных умовах. Вось і пасыпаліся скаргі на тэмпературны рэжым у кватэрах (17 зваротаў), несвоечасовую ачыстку вуліц ад снегу і г.д. Сёлетняе спякотнае лета дало рост зваротаў па забеспячэнні вадой (35). Увогуле каля 40% зваротаў тычыцца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля забеспячэння вадой па колькасці скаргаў на другім месцы стаіць рамонт жыллёвага фонду (24).

 Рост колькасці зваротаў тлумачыцца яшчэ і тым, што на 30% узрасла колькасць праведзеных кіраўніцтвам райвыканкама прыёмаў грамадзян у выканкаме і выязных прыёмах.

 — А як часта звяртаюцца людзі па іншых праблемах?

 — Сакрэтаў тут няма. Напрыклад, па пытаннях будаўніцтва пісьмовых і вусных зваротаў у раённы выканаўчы камітэт паступіла 8, архітэктуры і горадабудаўніцтва  — 19, аграпрамысловага комплексу  —  21, дарожнай гаспадаркі — 24, адукацыі — 12, землеўпарадчай службы — 14, занятасці насельніцтва і аховы працы — 26, сацыяльнага забеспячэння — 15, жыллёвага заканадаўства — 41, па астатніх пытаннях — ад нуля да дзесяці.

 Узрасла колькасць зваротаў (з 10 да 16) у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, значна знізілася — у Віцебскі аблвыканкам,  Камітэт дзярж­кантролю па Віцебскай вобласці.

 — Людміла Мікалаеўна, калі гаварылі аб удасканаленні работы са зваротамі грамадзян, што вы мелі на ўвазе?

 — У рамках рэалізацыі Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб укараненні ў пастаянную эксплуатацыю першай чаргі праграмнага комплексу «адно акно» па зваротах грамадзян ва ўпраўленнях, аддзелах райвыканкама, пассельвыканкамах устаноўлены рабочыя месцы праграм­нага комплексу «адно акно».

  Супрацоўнікамі райвыканкама пера­пра­цаваны дзейнічаючы і зацверджаны ў новай рэдакцыі рэгламент сектара па рабоце са зваротамі грамадзян па заяўляльным прынцыпе «адно акно». Распараджэннем старшыні райвыканкама назначаны асобы, адказныя за ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур і прыём заяў грамадзян на аснове заяўляльнага прынцыпу «адно акно». Унесены неабходныя запісы ў пасадавыя абавязкі супрацоўнікаў, якія  выконваюць адміні­стра­цыйныя працэдуры. Супрацоўнікі сектара «адно акно» абавязаны весці прыём заяў, накіраванне запытаў і выдачу грама­дзя­нам дакументаў па 31 адміністрацыйнай працэдуры і выкананне дзвюх працэдур.

 — Ці ўсе звароты аб’ектыўныя, і ў першую чаргу тыя, што выносяцца на абласны і рэспубліканскі ўзровень?

 — Далёка не. Адны мінуюць улады пярвічнага звяна. Другія думаюць, калі напісаць у Адміністрацыю Прэзідэнта ці аблвыканкам, то праблема здымецца ўся і сёння. Трэцім, хлебам не кармі, дай у рукі ручку.

 Мяркуйце самі. Нехта С. (не будзем указваць прозвішчы, каму трэба, той сябе спазнае) піша ў Адміністрацыю Прэзідэнта, што не закрыты люкі  на гарышчы (чердаке), скардзіцца на нездавальняючае выкананне службовых абавязкаў работнікамі ЖКГ. Грама­дзян­ка К. просіць садзейнічання ў накіраванні сужыцеля ў псіхіятрычную бальніцу. Грамадзянін С., маючы трохпакаёвы ўласны дом, хадайнічае аб выдзяленні яму добраўпарадкаванага жылля, атрымліваючы пенсію ў два разы вышэйшую, чым звычайны смяротны. Грамадзянка К., праігнараваўшы кіраўніцтва ААТ «Райаграсервіс», просіць прадставіць ёй магчымасць пражываць у інтэрнаце (была звольнена з работы за п’янку). Пытанне вырашылася на месцы, але пасля таго, як жанчына ўзялася за розум (перастала піць, пачала хадзіць на працу). І не з Мінска прыехаў чыноўнік, а разбор вялі мясцовыя ўлады. Следам яна накіроўвае другі зварот, каб не «разбіраліся» з першым. Які таксама зафіксаваны. Падобныя прыклады можна доўжыць…

 Праўда, ёсць і аб’ектыўныя, якія па прычыне валакіты не былі вырашаны станоўча на месцах. Напрыклад, грамадзяніна Б. з вёскі Обаль па пытанні замены схемы пракладкі гарачага водазабеспячэння; грамадзянкі С.  — па рамонту дарогі (старшыня Какоўчынскага сельскага Савета У.І. Мурашка прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці) і г.д.

 — Мне здаецца, што цалкам дастаткова для навядзення парадку ў справе наладжвання дзейснай работы са зваротамі грамадзян тых прававых актаў, якія вы назвалі вышэй. Тым не менш, у пачатку лістапада Прэзідэнт зноў сабраў нараду на вышэйшым узроўні па азначанай праблеме. З чым гэта звязана?

 — Як бы добра не быў адладжаны той ці іншы працэс, месца для ўдасканалення заўсёды прысутнічае. «Па-першае, як зазначыў сам Прэзідэнт, — гэта актуальнасць тэмы для ўсяго насельніцтва краіны з пункту гледжан­ня заяўленай палітыкі «дзяржава для людзей». Трэба добра разумець, што для людзей важныя не столькі паказчыкі ВУП, колькі тое, што маштабныя дзяржаўныя праграмы ўплываюць на іх жыццё, садзейнічаюць вырашэнню надзённых жыццёвых праблем».

 Асаблівую ўвагу Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка звярнуў на бюракратызм, які яшчэ, на жаль, прысутнічае і ў нашым раёне. Тры месяцы запар сыр-бор разгараецца каля ўчастка дарогі  за 200 метраў ад літусаўскіх могілак, мясцовыя жыхары іх чамусьці называюць Углянскімі (Какоўчынскі сельсавет). І няхай падобных прыкла­даў у раёне адзінкі, аднак і яны, як запатрабаваў Прэзідэнт, павінны быць выключаны з практыкі работы з насельніцтвам. Прэзідэнт падкрэсліў: «Часта пытанні не патрабуюць значных фінансавых расходаў. Трэба толькі адно — увага да чалавека і жаданне дапамагчы яму». Таму за падобныя факты адказнасць пасадавых асоб будзе ўзмоцнена. Цяпер маніторынг па рабоце са зваротамі грамадзян у рэспубліцы будзе праводзіцца двойчы ў год. І трэба меркаваць, што арганізацыйныя вывады пры выяўленні недахопаў у гэтай справе не прымусяць сябе доўга чакаць.

 З загадчыцай сектара

«адно акно» райвыканкама

Людмілай  Макоўскай гутарыў Міхаіл Бялоў.