В Сенненском районе началась уборка сурепицы

 У саўгасе імя Машэрава першымі ў раёне пачалі жніво. Абмалочана 13 гектараў свірэпіцы. Пры сярэдняй ураджайнасці 10,5 цэнтнера з гектара намалочана 14 тон зерня.

 Як паведаміў рэдакцыі галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Мельнікаў, вядзецца яго дапрацоўка да пасяўных кандыцый. Восенню зерне будзе высеяна. Магчыма пасевы зноў будуць выкарыстаны, як і сёлета, для нарыхтоўкі сіласу.

  Непараўнальна большы ўчастак зямлі заняты азімай свірэпіцай ва УП “Дружбінец” – 110 га. Аднак у сельгасарганізацыі марудзяць з пачаткам жніва па прычыне адсутнасці падрыхтаваных да ўборачных работ камбайнаў. Па інфармацыі, што стала вядома рэдакцыі, упраўленне сельскай гаспадаркі прапаноўвала кіраўніцтву прадпрыемства выкарыстаць для ўборкі свірэпіцы тэхніку іншых сельгасарганізацый. Аднак рэакцыі на прапанову не паступіла.

 А тым часам надвор’е ў заходніх рэгіёнах Беларусі паказала свой нораў у выглядзе шквалістага ветру, дажджу, граду. Пацярпелі не толькі будынкі, але і сельскагаспадарчыя культуры. Пагаршэнне надвор’я прагназуецца і ва ўсходніх рэгіёнах краіны, што можа прывесці да страты вырашчанага ўраджаю.

Наш кар.