Кормозаготовители ОАО «Синегорское» завершают кошение трав первого укоса

Корманарыхтоўшчыкі ААТ “Сінягорскае” завяршаюць касавіцу траў першага ўкосу.

 — Пасля таго як скосім на сваіх землях, прыступім да нарыхтоўкі кармоў на сенажацях аднаго з фермераў, Сенненскай школы-інтэрната, — расказвае Уладзімір Сухвал, дырэктар сельгасарганізацыі, з якім мы сустрэліся на полі каля вёскі Новае Сяло. Тут была сканцэнтравана фактычна ўся тэхніка, занятая на корманарыхтоўцы. Кіраўнік не хаваў, што пакуль што кармоў не так шмат, як хацелася б.

 — Будзем шукаць, дзе рыхтаваць кармы яшчэ, пашыраць пасевы бабовых. Варта падумаць аб выкарыстанні крыжакветных на сілас, — дзеліцца планамі Уладзімір Сухвал.

 А тым часам адзін з КВК-800 спыніўся. Спрацавала сістэма абароны ад металу. Механізатар, ім аказаўся Аляксандр Галынчык, разам з вадзіцелем МАЗа, што знаходзіўся пад загрузкай, сталі выбіраць траву, шукаць дрот, што спыніў вытворчы працэс.

 Пад кіраўніцтвам Аляксандра Галынчыка камбайн працуе на сенажацях адзінаццаты сезон. І што самае галоўнае, што здзівіла, сёлета механізатар адмовіўся ад новай тэхнікі.

 — Калі трактар, камбайн, любы механізм даглядаць, яны будуць працаваць як трэба, незалежна ад часу эксплуатацыі, — упэўнены механізатар. – Іншая справа, што многія дэталі да майго ветэрана даводзіцца рэстаўрыраваць, шукаць нават за межамі раёна.

 Вось і нядаўна КВК-800 2006 нода выпуску некалькі дзён знаходзіўся на рамонце. Праўда, механізатар не застаўся без працы. Пакуль шукалі неабходныя дэталі да камбайна, ён перасеў на трактар, займаўся прасаваннем сена, працаваў з граблямі. Адказнае, гаспадарскае стаўленне да працы, сваіх абавязкаў у Галынчыкаў – сямейная рыса. Гэтак жа сумленна працуе на комплексе брыгадзірам Ніна Галынчык, жонка Аляксандра.

 Нарыхтоўка кармоў, тэмп, рытм, нарэшце, поспех у гэтай справе – вынік сумеснай зладжанай працы калектыву. Сярод механізатараў ААТ “Сінягорскае” шмат маладых і працавітых хлопцаў. Побач з такімі асамі як Аляксандр Галынчык набіраецца вопыту Аляксей Прыстаўка. Яму толькі 22 гады. Тым не менш хлопцу даверылі не толькі трактар, ён заняты не толькі на адвозцы кармоў. Летась на жніве малады механізатар працаваў у якасці камбайнера. І намалаціў, як сам ён выказаўся, “не менш за старэйшых калег”.

 Не нашмат больш вопыту ў Аляксея Берашэвіча. У гэтыя дні ён таксама заняты на транспартных работах – адвозіць з сенажаці да месца закладкі сенажу зялёную масу. Вясной працаваў з дыскатарам, рыхтаваў глебу да сяўбы.

 Зусім нядаўна калектыў механізатараў папоўніў Аляксандр Стайноў. На корманарыхтоўцы яго трактар агрэгатаваны граблямі. З пачатку работ ён запісаў на свой рахунак больш за 400 гектараў, амаль палову скошанай плошчы.

 — У нас нямнога механізатараў. Аднак большасць з іх – надзейныя работнікі. Для іх родная зямля, хлебаробскі гонар – не пустыя словы. На іх трымаецца вытворчасць, эканоміка ААТ “Сінягорскае”, — упэўнены Аляксандр Сухвал.

Наш кар.

 НА ЗДЫМКАХ: На сенажацях тэхніка ААТ «Сінягорскае»Аляксандр Галынчык, адзін з самых вопытных і адказных механізатараў сельгасарганізацыі; Аляксею Прыстаўцы толькі 22 гады; Аляксей Берашэвіч — любая справа па плячы.

Фота Аляксандра Лазюка.