Необычный пешеход. В Сенненском районе медведь пытался перейти дорогу

Гэты здымак зрабіла на мабільны тэлефон Тамара Бурдо. Як расказала галоўны спецыяліст райсельгасхарча, у той дзень яна разам з Антанінай Сунцеевай, намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, галоўным аграномам ААТ “Бяленева” Андрэем Юсікавым аглядалі палеткі сельгасарганізацыі. І раптам на полі непадалёк ад вёскі Забараўе з’явіўся мядзведзь. Ён яўна збіраўся перасекчы шашу, аднак вадзіцель легкавіка, што рухаўся па асфальтаванай дарозе, пасігналіў. Звер спыніўся, узняўся на заднія лапы, ацаніў сітуацыю і кінуўся праз гравійку.

 — Мядзведзь выбег на дарогу перад нашай машынай метраў за 50, не болей. У гэтым момант праз лабавое шкло аўтамабіля я і зрабіла здымак, — расказала Тамара Бурдо.

  Па меркаванні Андрэя Юсікава, звер быў невялікіх памераў, яшчэ даволі малады. Аднак Андрэй Мікалаевіч заўважыў, што гэта не першая яго сустрэча з мядзведзем.

 — А сляды на палетках даводзіцца бачыць ледзь не кожны год. Бачылі мядзведзеў і іншыя жыхары Янова, бліжэйшых вёсак. Мне асабіста давялося назіраць, калі мядзведзь пасвіўся ў полі непадалёк ад статка кароў, — расказаў Андрэй Юсікаў.

 Назіралі мядзведзя і ў іншых месцах раёна, каля Ульянавіч – нават з медзвядзянятамі. Па неправераных звестках малых нават забралі ў вёску, аднак потым вярнулі на месца. Некалькі гадоў таму на мяжы Сенненскага і Аршанскага раёна, калі памятаеце, мядзведзя застрэліў паляўнічы, прыняўшы яго за іншага звера.

 Разнастайнасць фауны, пашырэнне папуляцыі мядзведзя, якога здаўна нашы продкі лічылі гаспадаром лясоў, радуе. І трывожыць. Хутка пачнецца масавы выхад у лес за ягадамі ды грыбамі. Таму мы звярнуліся за каментарыем да  паляўнічазнаўцы Багушэўскага лясгаса Мікалая Новікава.

 — Мядзведзь, як і любы дзікі звер, стараніцца чалавека. Напасці ён можа толькі пры абароне, напрыклад, мядзведзянят, калі атрымае раненне. Таму, заўважу, што тыя людзі, якія забралі мядзведзянят, вельмі рызыкавалі.

 Пры блізкім кантакце з мядзведзем рэкамендуецца адступаць без рэзкіх рухаў.

 На думку спецыяліста павелічэнне колькасці мядзведзяў звязана са змяншэннем колькасці дзікоў, якія нярэдка станавіліся аб’ектам палявання мішкі. Цяпер у пошуках харчавання мядзведзям даводзіцца больш рухацца. Аднак гэта не павялічвае небяспеку для чалавека, упэўнены Мікалай Новікаў.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *